Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я была вучаніцай пятага клясу сярэдняй школы горада Слуцка, старшынёй савету атрада, выдатніцай, вельмі харошай піянэркай. Аднойчы да нас у школу прыехаў “собкор” “Пионерской Правды” па Беларусі. Такі Марозаў. Я запомніла, што ён – Марозаў, таму што пасьля прачытала яго кніжку “В разведку шёл мальчишка”. Кніжка пра Марата Казея.

Яго накіравалі ў лепшы піянэрскі атрад школы, да нас. І мы пачалі расказваць яму пра нашыя піянэрскія справы. А ў той час у нас быў цімураўскі атрад у клясе. Слуцак – невялікі гарадок, дамы там прыватныя, і ў адным зь іх жыў дзед Грыша, стары такі дзядок. Мы хадзілі дапамагчы яму прыбраць хату, памыць посуд. Дзяўчаты, канешне, з задавальненьнем дапамагалі яму, але нас цікавіла яшчэ пагуляць там у схованкі, бо у яго была такая вялікая хата. Мы лёталі па хаце, скакалі, ён не забараняў, любіў дзяцей. А хлопцы таксама лібілі там гуляць у вайну і хованкі, і прыходзілі ды праганялі нас. У нас бывалі бойкі зь імі, хто першы прыйдзе і зойме хату дзеда Грышы.

Сярод нашых выдатных справаў распавялі мы і пра гэта, якія мы добрыя цімураўцы, і як мы б’емся, хлопчыкі з дзяўчаткамі, і крычым: “Гэта наш дзед Грыша, гэта мы яго першыя знайшлі”. Хлопцы ў адказ: “Гэта наш дзед Грыша, ідзіце адсюль”. Чаму я пра гэта кажу? Таму што менавіта так было напісана пасьля ў фельетоне, які выйшаў у “Пионерской Правде” і называўся “19 на 19”. Дзевятнаццаць дзяўчат на дзевятнаццаць хлопчыкаў. Б’юцца за дзеда Грышу, каму шэфства над ім браць.

І вось уявіце сабе, зьяўляецца гэты фельетон. Усе чакаюць, што ў “Пионерской Правде” будзе напісана, які харошы ў школе піянэрскі атрад, а тут фельетон пра тое, як дзеці б’юцца. Што было, мне цяжка зараз пераказаць, бо ва ўсёй школе былі сходы ўсіх атрадаў, мяне прыводзілі, і я мусіла ўсім тлумачыць. Настаўніца не магла мне сказаць, што гэтага нельга расказваць. Лепшы атрад, а трапіў у такую гісторыю.

Зацягалі мяне так, што ў рэшце рэшт давялося школу зьмяніць. Не была я больш ніякай старшынёй савету атрада. Можа і скончылася б так гэтая гісторыя нічым, але праз нейкі час я атрымала больш за 140 (зараз ужо ня памятаю дакладан) лістоў з усяго былога саюза ад дзяцей. Яны пісалі мне, як яны захапляюцца маёй сьмеласьцю, а менавіта так мяне назвалі ў тым фельетоне – “Смелая девочка Дина Ершова”. І дзяўчаты і хлопцы прапаноўвалі сяброўства, ніхто нічога кепскага мне не напісаў. Але тады можа я ўпершыню зразумела, што ёсьць так званыя двайныя стандарты.

Мая маці вельмі доўга захоўвала гэтую газэту з фельетонам. Прычым для яе гэта не было кепска, яна вельмі ганарылася, што пра яе дачку напісалі на ўвесь Савецкі Саюз.

Дыяна Мікульская

XS
SM
MD
LG