Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэты выпадак адбыўся напачатку 60-х. У нашую вёску завітала райкамаўскае кіраўніцтва. Выпадак рэдкі для нашай аддаленай ад райцэнтру мясьціны, таму сельсавецкія і калгасныя начальнікі сустракалі яго амаль у поўным складзе.

Справа была ў самыя гарачыя дні сенажаці, і вуліцы вёскі абязьлюдзелі. Узначальвала райкамаўцаў другі сакратар РК таварыш Тычына. Гэта была шырокая жанчына ў мужчынскага крою пінжаку з моцным голасам і заўсёды папіросай “Беламору” або “Казьбеку”. Пасьля доўгага паседжаньня, дзе, зразумела, гаварылася пра нарошчваньне тэмпаў нарыхтоўкі сена ды аб рашэньнях канфэрэнцыяў і зьездаў, начальства выйшла на паветра.

Тут уздоўж вуліцы шыбуе мясцовы дзяцюк па мянушцы Коля Байбараў. Ад раньняй вясны да позьняй восені Коля хадзіў босы, ды з галавой у яго, беднага, было не зусім – казалі, што ў дзяцінстве яго моцна стукнуў родны бацька. Нягледзячы на тое, што вясковыя падшыванцы часта зьдзекваліся зь яго і даводзілі да плачу, чалавек ён быў мірны і ніколі бяды не рабіў. Няхітрую работу рабіў дома або па найме па людзях.

У той дзень маці загадала яму аднесьці малако да Валі, да сястры. Калі коля параўнаўся з начальнікамі, на яго зьвярнула ўвагу таварыш Тычына і сказала прыкладна такое (у перакладзе на беларускую мову):

– Што гэта такое, таварышы, усе працоўныя на сенажаці, а вялікі ды здаровы мужчына гуляе сабе па вуліцах. Малады чалавек, чаму вы не на працы? – Зьвярнулася да хлапца.

Той гучна, на ўсю вуліцу па вясковаму адказаў:

– А пацалуй ты мяне ў сраку. Я Валі малако нясу.

У Тычыны сківіца адвалілася, начальства анямела, хтосьці пырснуў нясьмела ў кулак, і толькі праз хвіліну мясцовыя халуі кінуліся тлумачыць райкамаўцам, што гэты Коля з глузду зьехаў, што ён вясковы дурань і гэтак далей. Але тым ня менш “вясковы дурань” ня быў не пры справе – ён нес Валі малако ў адрозьненьне ад некаторых лайдакоў у атачэньні таварыша Тычыны.

Яшчэ доўга ў навакольных вёсках, калі хтосьці перашкаджаў займацца патрэбнай справай, людзі адказвалі: “Адчапіся, я Валі малако нясу”.

Уладзімер Мікула

XS
SM
MD
LG