Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У 1992 годзе фальклёрны гурт вось наш “Ліцьвіны” паехаў на фэст у Калінінград. Там з намі здарыўся кур’ёз, які ўвогуле паказвае стаўленьне нашых суседзяў да Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Нам трэба было выступаць у асноўным канцэрце. Нашую песьню цалкам не маглі ўключыць, прыйшлося прасьпяваць 4 куплеты. А на фэсьце, які называўся фальклёрным, нічога фальклёрнага не было. Хутчэй, гэта было эстраднае шоў.

На рэпэтыцыі рэжысэр казаў, як мы будзем асобна праходзіцца пад канкрэтную мэлёдыю. Ён нам кажа: “Вы пройдзецеся з расейскай камандай. Пад расейскую мэлёдыю”.

Мы абурыліся. Нас запрасілі ад Беларусі, а мы павінныя пад расейскую музыку прахадзіць. Маладыя, гарачыя, мы ледзьве не пачалі там сварыцца. Зьбянтэжаны рэжысэр пагадзіўся: я ня супраць, ідзіце з палякамі.

Мы падскочылі ад зьдзіўленьня: як гэта з палякамі? Вы ж нас запрасілі ад Беларусі выступаць. Рэжысэр зусім разгубіўся: “Я не разумею, чаму вы ня хочаце йсьці зь нейкай камандай, якая вам розьніца?” Таму што мы беларусы – даводзілі доўга яму мы.

Ён патлумачыў прычыну: “Ніхто ня ведае беларускай мэлёдыі ў аркестры…”. Вось і прычына. Некаторыя хацелі згадзіцца, але ня я і не Валеры Міцкевіч з гурта “Дзяньніца”. Мы вырашылі падыйсьці да аркестра. Нам ня верылася, што ў Калінінградзе, дзе жыве шмат беларусаў, ня знойдзецца ў аркестры ніводнага беларуса.

Так яно й аказалася. Калі мы падыйшлі да аркестру, прыйшлося гучна крыкнуць: “Хлопцы, ці ёсьць хто ад Беларусі?” Падняўся сінявокі хлопец і кажа: “Я з-пад Ляхавічаў”.

Мы пацікавіліся, ці ведае якую беларускую мэлёдыю. А ён граў на флейце. Аказалася, што ведае. І “Лявоніху” ведае, але астатні аркестар ня ведаў. Мы яму даручылі велізарнай важнасьці заданьне – годна прадставіць Беларусь.

Заставалася дзьве гадзіны да асноўнай праграмы. Нам удалося гэта зрабіць, і беларуская дэлегацыя йшла пад гукі “Лявоніхі”. Гэта была малюсенькая нашая перамога, але мы прымусілі лічыцца з намі, лічыцца зь Беларусьсю.

Натальля Матыліцкая

XS
SM
MD
LG