Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Стаўленьне ўладаў Лукашэнкі да “Пагоні” усім вядомае. Яго можна коратка акрэсьліць, як “вайна супраць “Пагоні”. Аднак мне заўсёды ўспамінаецца, як тры гады таму ўлада аднаго разу насіла рэдактара “Пагоні” на руках. Гэта быў той выпадак, калі нас высялялі з вельмі прэстыжнага памяшканьня ў гістарычным цэнтры Горадні.

Гэта адбывалася наступным чынам. Цэлая група міліцыянтаў, кагэбістаў, пракурораў, супрацоўнікаў райвыканкаму, камунальных службаў – усяго каля 30 чалавек на чале з відэаапэратарам з КГБ зьявіліся ў памяшканьні газэты і заявілі, што ў нас ёсьць некалькі хвілінаў для таго, каб пакінуць яго. Пры гэтым мне было заяўлена, што гэта не палітычная акцыя, а тое, што проста рэдакцыя газэты ня можа знаходзіцца ў адным будынку з органам улады – такі загад Лукашэнкі.

Пасьля таго, як мы адмовіліся выконваць гэты загад, рабочыя-камунальшчыкі павыкідалі мэблю, кампутары, звалілі ўсё ў адну кучу ў двары, і з прычыны таго, што ніводзін з супрацуоўнікаў сам ня выйшаў з памяшканьня, іх вывелі адно за адным пад рукі. Недзе гадзіны праз тры-чатыры я застаўся ў памяшканьні адзін і заявіў, што сам выйсьці адмаўляюся катэгарычна і буду ў такі спосаб пратэставаць. Прыблізна поўгадзіны намесьнік начальніка Ленінскага РАУС Горадні сападар Шмакаў угаворваў мяне, а потым, калі зразумеў, што маё рашэньне цьвёрдае, ён загадаў дужым амонаўцам вынесьці мяне на крэсьле.

Гэта было яшчэ тое відовішча. Я, ўзяўшыся абедзьвюма рукамі за крэсла, уціснуўся ў яго, і гэтыя два дужыя хлопцы, па два мэтры ростам, вельмі асьцярожна, нават ня дыхаючы ў мой бок, на ўзровень сваіх грудзей паднялі мяне і панесьліі…

На вялікі жаль, мой калега, Ляонас Даўгяла, якога я папрасіў гэта ўсё сфатаграфаваць, у гэты час не наважыўся зьняць, і гэты ўнікальны кадр прапаў. Самае нечаканае высьветлілася потым – сапраўды гэта не была палітычная акцыя. У такі спосаб Аляксандар Дубко, гарадзенскі ваявода, вызваліў месца для сваёй нявесткі – там зараз знаходзіцца камэрцыйная крама, якую яна ўзначальвае. Ну а я кожны раз, калі праходжу міма гэтага, адрамантванага ў добрым эўрапейскім стылі будынку, заўсёды думаю, што калі-небудзь надыдзе час, і “Пагоня” зноў уселіцца ў гэтае шыкоўнае памяшканьне.

Мікола Маркевіч, Горадня

XS
SM
MD
LG