Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Памятаю ў дзяцінстве, калі была сытуацыя, што мяне нехта крыўдзіў, мне заўсёды хацелася зьбегчы ў лес, пабудаваць шалаш і жыць у ім. Як там будзе добра! І вось цяпер, нарэшце, я маю такую магчымасьць.

Я прыехала ў Менск зь Віцебску і адразу пайшла прасіць зямлю, каб садзіць які гарод, грады. Немагчыма бяз гэтага. І мне далі зямлю, і вось я цяпер саджу там. Бывае еду я, а вакол стаяць катэджы, шырокая дарога… А я еду ў свой “катэдж”. У мяне стаіць ад машыны кузава, і ў тым кузаве ўмяшчаецца толькі матрас. Я адчыняю дзьверы ў гэтым кузаве, і выходзяць дзьверы на рэчку, на поле, далей сінее лес. І вось я думаю, што катэдж, каб у мяне быў ён (калі так уявіць), то нашто ён мне і патрэбен? У зямлі пакалупаўся, пасьля паглядзеў – дождж пайшоў, барабаніць: абсалютна як у дзяцінстве ў шалашы…

Нашто мне той катэдж, калі простыя людзі мяне за сваю прымаюць.
Я ніколі не забудуся, як мы здымалі фільм – “Трэцяга ня дадзена”, мой першы фільм. Мы здымалі сцэну ў вёсцы, сход, і было цэлае памяшканьне… прывезьлі з калгасу Смалявіцкага раёну людзей, калгасьнікаў. А я зь Віцебску прыехала, усярэдзіне села – я была гераіня. І вось мы здымалі цэлы дзень, сядзеў побач са мной мужчына з калгасу ды кажа: “Скажыце, калі ласка, адкуль Вас прывезьлі?” Думаў, што як вось іх прывезьлі з калгасу. Я кажу: “Чаго прывезьлі? Я прыехала сама зь Віцебску”. Ён кажа: “Божа, няўжо аж зь Віцебску ў Менск калхозьнікаў возяць! Няўжо тут сваіх не хапае!”

Гэта, я думаю, самая лепшая рэцэнзія, бо ён прыняў мяне проста за свайго чалавека.

Тацяна Мархель

XS
SM
MD
LG