Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Не забудуцца дні, калі мы праходзілі летнюю практыку ў мястэчку Бярэзіна. Гэта былі 70-я гады, у цэнтры мястэчка – пляцоўка, дзе вяскоўцы прадаюць хто гародніну, хто яйкі ці шматок сала. І быў такі яркі сонечны дзень, і мне хацелася на палатне намаляваць усё гэта.

У асноўным на гэтым імправізаваным кірмашы былі жанчыны. Раставіў свой рыштунак, мальбэрт, углядаюся, раблю накіды. Не пасьпеў зрабіць некалькіх штрыхоў, гляджу – бабулькі паміж сабой перашэптваюцца і памалу свае клуначкі зьбіраюць. Нікога ня стала, зьніклі ўсе. Я пасьля падумаў, з чаго б гэта? І пасьля да мяне дайшло: як з чаго? – бабулькі гэтыя падумалі: хто я го ведае, што гэта за чалавек стаіць, ці то алоўкам піша, запісвае нас, каб бяды не было ўцякаць трэба. А можа ён які фінінспэктар, аштрафуюць бадай што.

У тым самым месцы – вёска, прыгожая такая, матыў цікавы, прысады… У канцы гародаў уладкаваўся я, раставіў мальбэрт, малюю хаціну, панадворак. Гляджу, ідзе да мяне ціхай хадой гаспадар зь кіёчкам, стары такі, стаў побач і глядзіць падазрона, што я раблю. Пытаецца:

– Ізноў соткі абразаць будзеце?

А я яму:

– Ды не, мне ж гэта цікава, я малюю хаціну вашую. То-другое, даказваю.

– Э-э, – кажа стары, – чалавеча-чалавеча, мінулы раз таксама такі во раставіў у канцы майго гарода свае прыборы, а потым прыехала начальства і – дзесяць сотак абрэзалі…

І яшчэ зьвязанае са студэнцкімі гадамі. Па праграме трэба было партрэт на паветры намаляваць фарбамі. Ідзем па вёсцы, шукаем натуру. Глядзім, у гародзе корпаецца бабуля, цыбулю поле там ці яшчэ што. Мы да яе, так і так, мы студэнты-мастакі, хацелі б партрэт ваш намаляваць. А яна нам:

– А мае ж вы дзеткі, я ж то ня ступраць, ды грошай у мяне зусім няма, бо пэнсію не атрымліваю, во толькі жыву, што на гародзе вырашчу.

А мы да яе:

– Ды не, бабуля, наадварот мы вам плаціць будзем, за тое, што будзеце сядзець.

– Як гэта, мне плаціць? Вы будзеце працаваць, старацца, а мне грошы? Не, ня буду тады…

І зусім нядаўняе. У гэтым годзе паехаў я на сваю вёску. Фактычна, вёскі ўжо няма – адна хатка засталася. Малюю старую бярозу, засьнежанае поле. Мароз такі! Малюю дзень, малюю другі. Прыходзіць да мяне знаёмы чалавек, зямляк мой, і кажа:

– Гляджу я на цябе, Аляксейка, ну так шкада цябе, як ты тут мерзьнеш, бярозку малюеш. Я яе заўтра сьпілую, каб ты ня мучыўся…

Вось такія эпізоды, зьвязаныя з маёй працай.

Аляксей Марачкін

XS
SM
MD
LG