Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Яшчэ ў 80-х гадах я сасьніла сябе ў нейкім горадзе, на ягонай ускраіне. Брудныя крывыя вуліцы, нейкія халупкі абапал, з правага боку балота з ракою пасярэдзіне, а на процілеглым баку балота – горад, заліты агнямі, мне край туды трэба папасьці. Вечарэе, сутонее, я тапчуся на гэтым брудным ускрайку, бо ня ведаю дарогі. Падыходзіць малады чалавек, кажа: “Я Вас правяду, пакажу”. Мне і страшнавата зь ім ісьці, таму што адна, ды й тут заставацца – тое ж самае, ноч нагортваецца. У рэшце рэшт, выбару няма, я рашаюся, мы ідзем, пераходзім спакойна цераз мост праз тую раку, трапляем у заліты агнямі горад, ідзем па шырокім праспэкце і натыкаемся на пляц. На ім круглы басэйн, а ў тым басэйне пасяродку такая скульптурная групка – дзьве птушкі, журавель і жураўка, мілуюцца так, цягнуць шыйкі ўгору.

Вось гэта мне далося ў сьне, які я адразу ж па-сутнасьці і забылася, толькі потым ён выбліснуў як маланка мне. Дзесьці тыдні праз два пасьля таго, як я сасьніла ўсё тое, у выпадкова прынесенай мне газэце “Известия” я натрапляю на артыкул пра ўфімскага іголкатэрапэўта, лекара Заіля Баерыевіча Кандарава. Гэта, канешне, мяне вельмі зацікавіла, бо ў сьпісе немачаў, над якімі ён быў уладны, значылася і маё захворваньне. Натуральна, што я ўхапілася за гэтую нітачку надзеі, і вырашыла, што мне абавязкова трэба трапіць да Кандарава. Але якім чынам? Ва Ўфе, у Башкірыі ў мяне тады не было ніводнага знаёмага. Затое, Саюз пісьменьнікаў існаваў. Я напісала туды. Дзесьці яшчэ мінула дзён 10, можа 15, – міжгародні званок з Уфы, ад паэта Асаглужы Багуманава, як ён прадставіўся. Асаглужа кажа, што быў у Кандарава, я павінна сама да яго прыехаць, ён гатовы мяне прыняць.

Вось у адзін з выхадных Асаглужа кажа: “Ніна, Мустай Карым дае нам “Волгу”. Калі хочаш, я паважу, пакажу табе Ўфу”. І вось мы едзем. Асаглужа кажа: “Спачатку я пакажу табе старую частку гораду, а потым мы выедзем з другога боку і праедзем па цэнтральных вуліцах”. Едзем: крывыя, брудныя, рудыя вуліцы, паабапал халупкі такія бедныя, падсьлепаватыя, з правага боку балота з ракой… Едзем, а мяне не адпускае ўражаньне, што я недзе гэта ўсё бачыла. Уяжджаем на праспэкт Кастрычніка, едзем далей, я павярнула галаву і ўскрыкнула: “Стойце, спыніцеся!” У мяне выбліснуў увесь мой сон. Мы ўсё такі завярнулі і спыніліся на гэтым рынкавым пляцы. А там пасярэдзіне – круглы басэйн, і пасяродку гэтага басэйна стаіць скульптурная выява двух жураўлёў – жорава і жураўкі: мілуюцца, цягнуць угору гэтыя свае зграбныя шыйкі…

Ніна Мацяш, Белаазёрск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG