Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Хацелася б успомніць вельмі захапляльную гісторыю паездкі дэлегацыі беларускіх гісторыкаў, літаратараў, мастацтвазнаўцаў у Літву, у Вільню на сустрэчу пры прэзыдыюме Акадэміі Навук, калі ішла спрэчка пра спадчыну Вялікага Княства Літоўскага.

А да гэтага, некалькі месяцаў раней, у Менску адбывалася вялікая нарада для абмеркаваньня ролі ВКЛ у нашай гісторыі. Там было прынятае падсумаваньне, што Вялікае Княства Літоўскае, зыходзячы з сёньняшніх геаграфічных і палітычных рэаліяў, можа ацэньвацца як дзяржава літоўска-беларуская ці беларуска-літоўская. Гэта было афіцыйна надрукавана, замацавана, і, я думаю, вядомае і нашым літоўскім калегам.

Але пачалася дыскусія, дыскусія даволі бурлівая, бо і межы перамяшчаліся, і ўплывы, і назвы. Асабліва спрачаліся гісторыкі. Мне давялося выступаць. Недзе праз дзесяць хвілінаў, калі мы дайшлі да часоў Альгерда, пачалася, яб сказаў, абструкцыя, бо нашыя калегі зь Літвы палічылі, што мы занадта многа гістарычных падзеяў з гісторыі ВКЛ прылічваем да сваёй гісторыі. І вось устае даволі добры літоўскі гісторык Кяўпа і задае саркастычнае пытаньне:

– Мы добра ведаем, што ў Менску адбываўся “круглы стол”. (Кажа гэта з рэмаркай, што, маўляў, іх не запрасілі, хоць гэта нашая справа – вырашаць пра сваю гісторыю – П.Л.) У нас прэтэнзіяў на гэты конт няма, але пытаньне вельмі канкрэтнае – чаму вы назвалі ВКЛ дзяржавай беларуска-літоўскай, а не літоўска-беларускай?

Давялося мне адказваць на гэтае пытаньне. Пакуль уставаў, мне ў галаву прыйшла думка, што мы, беларусы, як у гісторыі, гэтак і ў сучаснай палітычнай сытуацыі прывыклі ўвесь час апраўдвацца. Спачатку я хацеў заклікаць прысутных зьвярнуць увагу на пастанову “круглага стала”, але пасьля я на момант прыпыніўся і, раптам, сказаў:

– А таму, што паводле алфавіту.

Калі да гэтага быў шум, некаторыя нават паўставалі, каб пакінуць залю, дык усе спыніліся, потым быў агульны выдых, пайшлі ўсьмешкі, і, трэба сказаць, што дыскусія адразу павярнулася ў рэчышча ўзаемаразуменьня. Тады нас выручыў алфавіт.

Галоўная выснова – нельга, безумоўна, за ўсё апраўдвацца, таму што мы, у нашай старажытнай, сярэднявечнай, сучаснай гісторыі вельмі часта мелі рацыю, і гэтую рацыю мы павінны трымаць, як харугву, як сьцяг, каб зь ім ісьці наперад і адстойваць свае інтарэсы.

Павал Лойка

XS
SM
MD
LG