Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я нарадзіўся ў вёсцы Гарадок што на Касьцюкоўшчыне. Гэта зараз Магілеўская вобласьць. Маленькая вёсачка – дзесьці хатаў каля 50-ці тады было. Гэта былі 50-ыя гады – 55-57-мы, дакладна ня памятаю.

Бацька мой прыйшоў з вайны двойчы цяжка паранены, бяз вока прыйшоў, на грудзёх было шмат узнагародаў. Жыцьцё было тады складанае, у хаце нічога не было, дый калі яе хаткай назавеш… А што было ў хатцы?.. Дык, казалі, немцы пазабіралі, а новае набыць было складана. У тыя часы людзі ўсяго баяліся. Быў такі час, што прыходзілі людзі ў вёску і патрабавалі нейкія падаткі ці “недаімкі”, як тады казалі. І калі яны прыходзілі ў нашую вёску, людзі хваляваліся, нешта хавалі, курэй… Чаму гэта адбывалася – ня ведаю.

У нашай хаце на сьценцы вісеў вялікі такі партрэт Сталіна. Ён заўсёды глядзеў на нас, і я, маленькі, адчуваў, што ён сочыць за мной – не было ніякай магчымасьці нікуды падзецца ад яго погляду.

І вось аднойчы ўвосень (памятаю, што была слёта) да нас у хату ўваліліся два вялікія, мажныя дзядзькі ў чорнай вопратцы. Пачалі нешта з бацькам размаўляць, потым галасы пачалі рабіцца ўсё гучней… Я зразумеў, што ад бацькі нечага патрабуюць. Ён сказаў, што няма зараз магчымасьці аддаць… Вось нейкія такія размовы ў іх адбыліся. У нас у хаце стаяў у куточку старэнькі ровар. Яны сказалі, што мы тады забярэм у цябе ровар. Бацька сказаў, што гэта адзіны яго сродак перасоўваньня. “Нічога ня ведаем”. Яны ўзяліся за ровар, бацька таксама за яго схапіўся – не даваў. Яны яго пачалі штурхаць, адбіраючы, я пачаў плакаць. Бацька паклікаў: “Ваня, Ваня”. Я падбег, і мы пачалі змагацца зь імі за ровар. Бацька казаў: “Колькі я магу ўжо аддаваць? Я ўжо ўсё аддаў, што можна”. Потым дастаў з шуфлядкі свае ўзнагароды і паказаў ім. І яны адступіліся. Нешта пачалі яму казаць, а потым пайшлі. Бацька доўга ня мог супакоіцца, пачаў плакаць, хаваючы ад мяне сьлёзы.

Як бацькі ня стала, мяне забралі ў дзіцячы дом. І калі мяне прывезьлі ў дзіцячы дом, то ў дырэктара на сьценцы вісеў такі самы партрэт Сталіна. Яго вочы, як мне падалося, глядзелі на мяне з усьмешкаю. Ад яго погляду немагчыма было нікуды дзецца, і я ня ведаў, што мне рабіць. Я згадаў тыя падзеі, што адбыліся ў мяне ў хаце, і заплакаў. Дырэктар падыйшоў, узяў мяне пагладзіў, сказаў: “Ня плач, ня плач. Усё ў нас будзе добра. Бачыш? (Ён паказаў пальцам на партрэт.) Ён за нас думае, нам трэба толькі вучыцца”.

Іван Леўчанка, Касьцюковічы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG