Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Цёмным лістападаўскім ранкам 1972 году мы ад’язджалі зь Менску ў Ізраіль. У мінулым былі доўгая і небясьпечная барацьба з уладамі, адмовы, перасьледаваньні, звальненьні і прымусовае ўладкаваньне на працу, візыты ў інстанцыі, звароты па дапамогу ў міжнародныя арганізацыі і, урэшце, дазвол на эміграцыю з патрабаваньнем заплаціць за вышэйшую адукацыю неверагодныя для нас грошы.

Вакзал кішэў кадэбэшнікамі, нізка навісала халоднае цёмнае неба, і амаль што фізычна адчувалася напружаньне ў натоўпе на пероне. Мы ад’язджалі са сваімі сябрамі: тэатральным мастаком Фані Кіпнісам і ягонай жонкай, пажылой хваравітай жанчынай. У Брэсьце мытнікі хуценька агледзелі нашыя манаткі, забралі візы, тоўсты сшытак зь вершамі майго мужа, магнітафонную стужку зь песьнямі і зьніклі.
Кіпнісаў жа даглядалі асоба. Фаня стаяў каля стала зьбялелы, а мытнік адрываў падносак ад яго бацінка.

Чакальная заля, напачатку поўная людзей, паступова пусьцела. Кіпнісаў нідзе не было. Да адыходу цягніка заставалася ня больш як тры мінуты, калі зьявіўся ўрэшце пагранічнік, аддаў нам візы і запатрабаваў падпісаць паперку аб тым, што (цытую) “канфіскаваны сшытак зь вершамі антымастацкага зьместу, ды што канфіскаваная стужка зь песьнямі антымастацкага зьместу”. Мы падпісаліся, муж схапіў валізкі, я – сына, і пабеглі да цягніку.

Ня ведаю, як гэта здарылася, але я раптам згубіла з вачэй мужа, і мы з сынам апынуліся на пероне без дакумэнтаў, без грошай і без білетаў. Муж зьнік гэтак жа, як і Кіпнісы, немаведама куды, і пэрспэктыва застацца ў СССР у паўнаўладзьдзі КДБ уразіла мяне ня толькі да страты рэшткаў розуму, але і зроку. Я не магла разгледзець нумароў вагонаў і не разумела, што лепш – ехаць без дакумэнтаў ці застацца. Усё ж лепш ехаць, падумала я. І мы з сынам ускочылі ў польскі вагон, – іх падчапілі ў Брэсьце да савецкага цягніка.

Цяпер мы ўжо ехалі, але дзе муж, а зь ім і ўсе нашыя паперы, я ня ведала. Зашклёныя дзьверы паміж польскімі і савецкімі вагонамі былі замкнёныя. Дарэмна мы грукаталі, крычалі, плакалі і прасілі адчыніць. Пасажыры савецкіх вагонаў бездапаможна паціскалі плячыма, праваднік жа колькі разоў выходзіў, ухмыляўся і наўмысна запаволеным крокам адыходзіў у калідор.

Выратавалі нас палякі. Яны паклікалі свайго правадніка, той паслухаў нас спакойна і спачувальна, потым схіліўся, выцягнуў нейкую засаўку, і дзьверы адчыніліся. У сярэдзіне цягніка мы сустрэлі мужа – ён шукаў нас. “Кіпніс едзе?” – запыталася я. “Не, – адказаў муж, – яго затрымалі ў Брэсьце”.

Кіпніс прыехаў у Ізраіль праз 7 месяцаў. Гэты час ён праседзеў у адзіночнай камэры КДБ у Менску.

Разварочвалася справа аб стварэньні ўсесаюзнай сіянісцкай арганізацыі. Мы праскочылі. Пастка клацнула па-за нашй сьпіной.

Ася Левіна

XS
SM
MD
LG