Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Успамін мой адносіцца аж да 44-га году. Я яшчэ была тады зусім маленькай дзяўчынскай. Горад наш вызвалілі ад фашыстаў, усталёўвалася савецкпя ўлада.

Мяне бацькі накіравалаі ў вёску да знаёмай жанчыны, нават ня вёску, а хутар. Гаспадыня хутара была такая вельмі інтэлігентная, выкшталцоная кабета. Мне было вельмі цікава зь ёй і, напэўан, сыта. Але гэтага я ня памятаю, проста там я ўпершыню пабачыла зорнае неба жнівеньскае, яна мне вельмі шмат апавядала.

І вось аднойчы, гэта было 14 жніўня, я раптам вельмі засумавала па доме. І так засумавала, што ніякія ўгаворы гаспадароў мяне не маглі спыніць. Яны мяне правялі праз лес, які называўся Замкавы, і вывелі на шашу. Дарога была прамая, роўная, і яна вяла (кілямэтры тры) да нашага дому, бо мы жылі на ўскрайку.

І вось я адна (я памятаю, што зусім не было мне страшна) іду па гэтай шасэйнай дарозе. Раптам мяне даганяе матацыкал з каляскай. За рулём вайсковец. Спыняецца, пытаецца:

– Куды ты ідзеш, дзяўчынка?

Кажу:

– Дадому, у горад.
– Сядай.

Я села ў каляску. Праз лічаныя хвіліны мы аказаліся на ўскрайку гораду, на нашай Віленскай вуліцы (зараз Перамогі), і я ўбачыла ля нашага дому, ля плоту суседку. Яна мяне паклікала і кажа:

– Ня йдзі да хаты – у вас ператрус.

Я, канешне, не паслухалася і пабегла ў хату. Дома было ціха, чужыя нейкія людзі, разгубленыя мама і тата. Але ператрус якраз сканчаўся, і тата ўжо з двума вайскоўцамі сыходзіў з хаты. Мама на яго паглядзела і кажа:

– Чаму ты, Паўлуша, з намі не разьвітваесься?

А ён кажа:

– Я хутка вярнуся.

Але ўсё ж такі падыйшоў, пацалаваў нас, і яны пайшлі. Я яшчэ пасьпела зьбегаць у гарод і вырвала тату вялікі-вялікі памідор.

Ну і ўсё. Потым пачалася турма, перадачы. Праз такі гліняны збан у нас было кароткае ліставаньне з татам. Гэта было летам, а зімой мы атрымалі ад таты маленькую цыдулку – хімічным алоўкам ён напісаў два словы: “Заўтра этап”. Для мяне гэта было незразумелае, але вельмі цяжкае слова.

Назаўтра мы з мамай сабраліся і пайшлі на вакзал. Падаў мокры, цяжкі сьнег. Што мы пабачылі? Пабачылі таварняк зводдаль і пабачылі тату. Ён лёгка з клункам на сьпіне ўскочыў у вагон і яшчэ паглядзеў у наш бок.

Ніякіх зьвестак ад яго мы не атрымлівалі, акрамя “казённых” папераў. Яны ўжо паведамілі нам аб яго сьмерці ад дызэнтырыі (такі быў дыягназ), а ўжо ў 56-м годзе прыйшла паперка аб рэабілітацыі…

Ірына Леановіч, Менск

XS
SM
MD
LG