Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хачу ўспомніць, як у майго брата былі чаравікі.

Гэтыя чаравікі дасталіся яму ў спадчыну ад маёй мамы. І было гэта так. Мама пашыла хромавыя чобаты для бацькі, бо ён вельмі любіў скакаць – танцор быў. Мама была ня вельмі танцорка, таму што яна была чалавекам набожным такім. А яна пашыла сабе прыватна чаравікі. Яны прыгожыя былі, расшытыя нейкімі такімі малюначкамі. Ну і насіла яна іх вельмі доўга.

Мой брат паступіў у Маскоўскі дзяржаўны унівэрсытэт на факультэт журналістыкі і тэлебачаньня. Яму ня было ў чым хадзіць. Маскоўскія дзеці былі вельмі зажытачныя, зь вельмі заможных сем’яў. А ён быў сялянскі хлопчык, і яго тады звалі неяк так – Есенін. За тое, што, па-першае, ён быў кемны, разумны, нешта там пісаў яшчэ, а па-другое, ён, як і Есенін прыехаў у Маскву ў чабоцях нейкіх парваных, так і мой брат прыехаў зусім нічога ня маючы.

І мой брат абуў гэтыя чаравікі і прыехаў у Маскву. А мама пабачыла і казала: “Сынок, як жа ты будзеш у іх па той Маскве хадзіць, у гэтых чарвіках?” А ён сказаў: “Мама, хіба ж на чаравікі глядзяць? Дзеўкі глядзяць на мой чуб прыгожы”. А ён быў такі рыжанькі з медзьдзю такой на кучаравай галоўцы. І ведаеце, калі я ўспамінаю брата свайго любага – яго ўжо зараз ня стала на белым сьвеце – дык я ўспамінаю, што вось гэтыя першыя чаравікі…

Мама паглядзела і кажа: “Сыночак мой, калі ў цябе ёсьць такія прыборы…” Ён кажа: “Першае – на ногі глядзяць, потым – на твар глядзяць. Дык вось глянуць на ногі, а я як наваксую – яны будуць блішчэць. А твар, мама, у мяне заўсёды блішчыць”. Такі вось радасны, сьветлы, харошы…

І мама тады выдзеліла яшчэ 25 рублёў – гэта былі вельмі вялікія грошы – і са сьлязамі сказала:
– Сынок мой, я табе яшчэ куплю да гэтых чаравікаў касьцюм, гальштук і шляпу”.
Мой брат засьмяяўся ды кажа:
– Мама, дык дай мне яшчэ кіёчак які-небудзь ад нашага дзеда.
– А нашто кіёчак?
– Гэта будзе тростачкай такой.

Вось няма майго брата, але ў душы маёй на ўсё маё жыцьцё засталася тая памяць пра тыя маміны чаравікі, таму што бацька свае чобаты на танцах сарваў да тла, як кажуць, іх ужо не засталося, а чаравікі ад брата яшчэ засталіся, і я іх шкадую выкідваць. Яны да сёньняшняга часу ў нашай хаце.

Алена Лагун

XS
SM
MD
LG