Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў



Менчанам добра вядомы парк Чалюскінцаў, які знаходзіцца ў цэнтры гораду. Калі йдзеш па галоўнай алеі, трэба зьвярнуць направа – а таам будзе помнік маці і тры магілы. Вось пра гэтыя тры магілы хацелася б паведаміць.

Пра захаваных там сьведчаць дошкі: Шаўчэнка Андрэй Пятровіч (лекар), Волкаў (стаяць толькі ініцыялы) і невядомы чалавек. Але ж пра Шаўчэнку хацелася б больш паведаміць. Таму што нашая бабулька добра ведала гэтага чалавека. Яна – Лабкоўская Аляксандра Рыгораўна – была ў часе вайны сувязной партызанскага атраду, якраз які зьмяшчаўся ў тылу ворага.

Менчанам добра вядома, што на скрыжаваньні праспэкта Скарыны й вуліцы Талбухіна знаходзіўся канцэнтрацыйны лягер. І гэты лекар працаваў у гэтым лягеры. На дошцы напісана, што ён загінуў пры вызваленьні гораду Менску. Але ж на самай справе ён памёр ад тыфу – у канцэнтрацыйным лягеры тады была эпідэмія і вельмі шмат людзей загінула.

У нас доўгі час знаходзіліся рэчы гэтага лекара: кішэнны гадзіньнік і фатаздымак, на якім паказанае месца гэтых могілак і на якім стаяць чатыры немцы. Вось пасьля таго, як на павозках вывозілі кожны дзень нябожчыкаў – яны там і сфатаграфаваліся…

Канешне, на бульвары Талбухіна ёсьць яшчэ адзін помнік. Чаму яго ўлады вынесьлі менавіта туды, незразумела. Там напісана, што 10 тысячаў пахавана. Гэтыя 10 тысячаў пахаваныя менавіта там, дзе стаіць помнік маці і знаходзяцца гэтыя тры магілы. Менавіта ў парку Чалюскінцаў было такое масавае захаваньне тых нябожчыкаў.

І паблізу ладзяцца танцы, хаця гэта сьвятое месца… Дарэчы, там, дзе зараз знаходзіцца танцпляцоўка, – там былі жылыя дамы і баракі, у якіх жылі людзі.

Дарэчы, ёсьць яшчэ такі момант – у бабулі была свая дачка і дачка ейнае сястры жыла якраз у гэтым доме. І з таго, што бабуля заўсёды знаходзілася на працы, ураніцу неяк прыйшлі немцы – каб іх забраць у палон, у Нямеччыну – дарэчы, гэты лекар менавіта выратаваў іх ад палону.

Я ўчора пайшла адмыслова паглядзець на гэтыя могілкі. І што я ўбачыла? Надпісы амаль што сьцёртыя. Уладам, напэўна, і справы аніякай няма да гэтых могілак…

Так, там існуе мэмарыял, але ж побач з мэмарыялам спакойна сядзяць маладыя людзі, выпіваюць… якія ўвогуле не задумваюцца – на якім сьвятым месцы яны знаходзяцца. І што я яшчэ ўбачыла – аніводнай кветачкі, аніводнага вянку… Прайшлі сьвяты – і ніхто больш ня памятае.

Тацяна Лабкоўская

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG