Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Пяць год таму лёс закінуў мяне ў Амэрыку. Першы час вельмі было цяжка ў чужой краіне сярод незнаёмых людзей.

І вось аднойчы адна жанчына дала мне пачытаць газэту “Беларус”. Божа! Як прыемна было чытаць навіны на сваёй мове! З таго нумару я даведалася адрас рэдакцыі, патэлефанавала туды, і так наладзілася мая сувязь з беларусамі Амэрыкі.

І вось аднойчы мяне запрашаюць на бліны ў царкву Жыровіцкай Божай Маці. Трэба сказаць, што ў Беларусі я ў царкву амаль не хадзіла, бо працавала настаўніцай, і наведваньне царквы было забароненае. Служба прайшла вельмі ўрачыста, і пасьля ўсе пайшлі ў залю на абед. Пад час абеду падавалі нацыянальныя беларускія стравы. Хаця ў Амэрыцы зьдзівіць практычна немагчыма, абед быў самы смачны за ўвесь час, што я ела на той час у Амэрыцы.

Але ня столькі Служба і абед мяне ўразілі, колькі мова – родная, беларуская. За год, які я да таго часу правяла ў Амэрыцы, я ня чула ніводнага слова па-беларуску, а тут гучала толькі свая мова. На нейкі час я забылася, што знаходжуся ў іншай краіне, бо вакол мяне былі свае людзі – беларусы.

Пасьля сытнага абеду выступалі прамоўцы. Адзін расказаў пра сустрэчу зь беларусамі ў Канадзе, другі – пра сваю паездку на Беларусь з гуманітарнай дапамогай для дзяцей Чарнобылю. Тут ня вытрымала і я. Устала і падзяквала гэтым людзям, што трымаюць беларускую культуру і, галоўнае, мову. Мову, якую і на Беларусі пачуць было немагчыма, рэдка пачуеш. На знак падзякі я пакланілася ім нізка, да зямлі. І калі я разгіналася, я ўбачыла сьлёзы на вачах у многіх прысутных. Сьлёзы паліліся і ў мяне…(плача) Гэта былі сьлёзы радасьці і сьлёзы суму па сваёй зямлі.

Прайшло ўжо пяць год ад таго часу, але гэты момант заўсёды кранае душу… Пасьля маёй прамовы да мяне падыходзілі людзі старэйшага веку і дзяквалі за добрыя словы. А некаторыя проста хацелі дакрануцца да мяне, нібыта я і ёсьць тая самая родная краіна з прыгожай назвай Беларусь.

У чым яны вінаватыя, што былі змушаныя пакінуць родны кут, пражыць большую частку свайго жыцьця ды й памерці на эміграцыі? Многія зь іх ад’ехалі зь Беларусі ў той год, калі я толькі нарадзілася. Як сказала адна жанчына: “Я ўжо больш за паўвеку жыву тут, але мая душа – усё роўна там, у Беларусі”.

І вось дзякуючы гэтым людзям і жыве Беларусь у Амэрыцы, не заціхае родная беларуская мова.

З таго часу я жыву ў Амэрыцы сярод беларусаў, а з адным зь іх мяне зьвёў лёс – я выйшла замуж. Так што і ў маёй хаце гучыць родная беларуская мова і жыве Беларусь.

Ала Кузьміцкая

XS
SM
MD
LG