Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Вучыўся я ў 10 клясе. У халодныя месяцы жыў у невялікім інтэрнаце на 10 хлопцаў з аддаленых вёсак і ў каго бедныя бацькі былі.

5-га сакавіка 1953 году. 6 гадзінаў. Радыё голасам Левітана паведамляе: “Памёр Іосіф Всарыёнавіч Сталін…”

Заняткі ў школах не адмяняліся. Першы ўрок у нас быў – руская літаратура. Уваходзіць настаўніца, моўчкі вітаецца і называе тэму: “Творчество Міхаіла Ісаковского”. Трошкі счакаўшы: “Адказваць будзеш ты, Ваня.” І пальцам паказала на мяне. Я заўсёды ў школе сядзець любіў на апошняй парце. Мне прыемна было, як таму пастуху статак, бачыць перад сабой усіх калег.

Спакойна падымаюся і павольным-павольным крокам кіруюся да дошкі. Заадно ўключаю гаварыльны апарат і ўсьпёўваю: “Расцветали яблони и груши… На закате ходит парень возле дома моего… Лучше нету того цвету, когда яблоня цветет… Летят перелётные птицы в осенней дали голубой… Где ж вы, где ж вы, очи карие…” Яшчэ і яшчэ – пачатковыя радкі песень на словы Міхаіла Ісакоўскага. Папуры.

Дайшоў да дошкі, павярнуўся тварам да вёскі і – бацюхны! Магільнае маўчаньне ў клясе. Настаўніца: “Ванюша! Еслі бы в другой раз, я б вместе со всемі любезно посмеялась бы. Ты что, забыл, какой сегодня день?”

Толькі цяпер я працьверазеў. “Садись. Ребята, – звярнулася яна да вучняў. – Пожалуйста, никому не рассказывайте.”

А магло ж такое дзівацтва бокам вылезьці – і мне самому, ды й нявінным бацькам маім.

Янка Курбека

XS
SM
MD
LG