Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Аднойчы я ішла са школы і размаўляла з настаўніцай. Мы размаўлялі пра штодзённыя праблемы і, пачуўшы нашую размову, адна незнаёмая жанчына спынілася і сказала: “Не размаўляйце так – вас зьнішчаць”.

Мяне гэта вельмі зьдзівіла, бо з жанчынай мы былі зусім незнаёмыя і я дрэннага нічога не зрабіла. Справа ў тым, што яна пачула, проста, звычайную беларускую размову.

Чаму на сёньняшні дзень людзі, пачуўшы беларускую гутарку, ставяцца насьцярожана адзін да аднаго. Дзякуючы беларускай мове я пазнаёмілася са сваімі сябрамі – сьвядомымі беларусамі.

Аднойчы, на турыстычным зьлёце настаўнікаў, пачуўшы дыялёг паміж дзьвюма настаўніцамі беларускай мовы: “Ларыса, не размаўляй так. Гавары нармальна”. – Мой будучы сябра зацікавіўся мной. Пасьля гэтага мы знайшлі шмат сяброў. Беларуская мова нас яднала. Мы ладзілі сумесныя вандроўкі, падарожжы, працавалі ў летніку.

У кола нашых сяброў уваходзяць людзі розных прафэсыяў, розных заняткаў, рознага ўзросту. У сябе на кватэры я стварыла культурна-асьветніцкі цэнтар, які носіць імя Ўладзімера Сымонавіча Караткевіча. Гэтае імя мы выбралі невыпадкова, таму што – гэта наш знакаміты пісьменьнік і мне вельмі хацелася б, каб дух Караткевіча быў у нашым асьветніцкім цэнтры.

Разам са сваімі сябрамі мы ладзім маладзёвыя летнікі. У гэтым годзе мы вывозілі два беларускамоўныя клясы ў летнюю вандроўку. Разам з удзельнікамі і сябрамі асьветніцкага цэнтру мы сьвяткуем нашыя народныя сьвяты. Ладзілі Купальле. Нядаўна сьвяткавалі Каляды. Наколькі сьвяціліся вочы людзей, гаспадароў, якія шчыра нас віталі.

Кожную пятніцу ў маёй кватэры зьбіраецца шмат людзей. Мы чытаем вершы, сьпяваем разам беларускія народныя песьні. У нашым цэнтры людзі могуць набыць беларускія кніжкі і мы займаемся распаўсюджаньнем касэтаў. Касэтаў, па якія людзі могуць прыйсьці і зрабіць бясплатны перазапіс.

Мне хацелася б сказаць аб тым, што ў наступным стагодзьдзі Беларусь стане сапраўды Беларускай.

Ларыса Кудраўцава, Ворша

XS
SM
MD
LG