Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Сталася гэта чарнобыльскай вясной 1986 году. Мой былы асьпірант у Інстытуце філязофіі і права Акадэміі Навук былой БССР Алег Бембель апублікаваў у Лёндане выкрывальніцкую кніжку “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Арганізаваныя зьверху ганеньні пачаліся ў траўні-ліпені 1986, калі ідэалягічная паліцыя вылавіла гэтую лёнданскую кніжку.

Так званая “справа Бембеля” шумела на ўсіх паверхах ад Інстытута і парткома Акадэміі да ЦК КПСС у Маскве і на кожным этапе абрастала новымі абвінавачаньнямі на адрас яго і тых, хто зь ім працаваў. Тутэйшыя янычары выкарысталі яе, каб расправіцца з беларушчынай у Акадэміі. Алега выключылі з партыі (ён быў амаль вэтэран партыі – 15 гадоў), а адначасова аўтаматычна – з пасады малодшага навуковага супрацоўніка Акадэміі. Мне прыйшлося “закрыць” свой аддзел эстэтыкі і сацыяльнай псыхалёгіі. Алег Бембель прайшоў усе інстанцыі, каб апраўдацца і апраўдаць мяне і, нават, дырэктара інстытута. Дайшоў да Бюро ЦК КПБ.

І вось я чакаю яго з гэтага дому, дзе цяпер сядзіць гаспадзін Лукашэнка, не спадзеючыся нічога людзкага пачуць. І вось сустракаю пасьля гэтага бальшавіцкага сынедрыёна свайго Алега прасьветленым, амаль радасным.

– Значыць адмянілі, – пытаюся ў яго, – гэтую пастанову? Выключэньне адмянілі і выгнаньне з Акадэміі таксама?
– Не, – кажа Алег, – але сакратар ЦК Таразевіч вёў паседжаньне Бюро на беларускай мове.

Я, праўда, сказаў яму:

– А што каб табе прачыталі сьмяротны прыгавор па-беларуску? Ты таксама радаваўся б? Ужо не было б часу парадвацца…

І вось іронія гісторыі. Праз 15 гадоў у тым доме, дзе расправіліся з апошнім “нацыяналістам” у Акадэміі, сёньня не пачуеш там і гэтага.

Пасьля гэтага Алег Бембель, паспрабаваўшы свае сілы яшчэ раз на ніве навукі, зачыніўся ў Жыровіцкім манастыры ў якасьці паслушніка. Праўда, ён малайчына, піша вершы. 20 дзён назад удзельнічаў у Наваградзкіх чытаньнях, выступіў са сваімі вершамі і сыграў на раялі некалькі фрагмэнтаў з Шапэна.

Уладзімер Конан, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG