Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Будынак ліцэю выдзелілі ліцэю пры разьмеркаваньні былой партыйнай маёмасьці. Кебіч падпісаў распараджэньне, што нам выдзяляецца будынак былой так званай камсамольскай школы – гэта быў корпус былой Вышэйшай партыйнай школы КПБ. Гэты будынак нам, дарэчы, параіў былы мэр Менску Герасіменка. Пасьля размовы зь ім, я памятаю, увечары пабег паглядзець будынак. Ён быў зачынены, але вельмі мне спадабаўся – менавіта такі, дзе павінен быў разьмяшчацца ліцэй.

І вось мы падалі заяву на камісію адукацыі і культуры. Яна падтрымала нашую заяву. Спадар Кебіч выдаў распараджэньне аб выдзяленьні, але потым нечакана гэтае распараджэньне адклікаў, выдаў новае распараджэньне, перадаў будынак нейкаму новаму гаспадару. Карацей кажучы, мы былі бяздомныя і вымушаныя былі ісьці на штурм. Мы ўвайшлі ў гэты будынак раніцай, да пачатку рабочага дня, зачыніліся там і сказалі, што ня выйдзем, пакуль не даб’емся праўды.

Трэба сказаць, што ў гэтым будынку разьмяшчаласяс да 15 розных каапэратываў, ВПШ здавала гэты будынак і рабіла на ім грошы, але тэрмін арэнды ў іх скончыўся 31 сьнежня 1990 году, гэта значыць паводле закону будынак быў вольны. Тым ня менш, давялося змагацца, быў вялікі скандал, прыехаў нават камандзір палка АМАП разьбірацца, званіў у Савет міністраў, потым пасадзіў мяне ў сваю машыну і павез, як ён сказаў, у саўмін, каб там унесьці поўную яснасьць.

І вось пакуль мы ехалі ў саўмін, спадар Кебіч зноў памяняў сваё рашэньне і ўжо канчаткова выдаў распараджэньне аб тым, каб будынак перайшоў да нашага ліцэю. Вось было такое тлумнае, мітусьлівае змаганьне, але чаму я пра гэта расказваю, чаму мне менавіта гэтая гісторыя запомнілася? Таму што на наступны дзень сабраўся ўвесь ліцэй, прыйшлі ўсе дзеці на заняткі, увайшлі ў вялікую аўдыторыю – 9-ю, самую нашу вялікую, – увайшоў туды я і паглядзеў на твары дзяцей. Гэта тое, што мне будзе помніцца ўсё жыцьцё.

Уладзімер Колас, Менск

XS
SM
MD
LG