Працаваў я шафёрам. 10 год папрацаваў шафёрам – ужо нешта зразумеў у гэтым
жыцьці. Але ўсё роўна нешта не давала мне спакою. Ня мог згадзіцца з тым,
што маё жыцьцё працячэць вось так – зрана ўстаў, пайшоў на работу, недзе
ў шостай гадзіне прыйшоў дахаты, паглядзеў тэлевізар… На горад ужо ісьці
нядобра было: пойдзеш на горад – нап’есься ці што яшчэ… Даруйце мне прамату.
Рос звычайным хлопцам, рознае было – дыскатэкі, сьпіртное… Што казаць.
А пасьля ноч, ізноў спаць. І так дзень за днём, месяц за месяцам, год за
годам. Нешта мяне не задавальняла, не падабалася.
Калі заставаўся сам-на-сам з сабой – пачынаў думаць: для чаго я на гэтым
сьвеце, які сэнс тога майго бытаваньня, што я тут ёсьць? Пройдуць некалькі
гадоў, ну няхай у 70 год (як у Псальме сьпяваецца, гэта ўжо нармальны тэрмін),
і памрэш, закапаюць цябе і не застанецца нічога. Чаму я тут, на гэтым сьвеце?
Цяжка было неяк. Такія думкі мяне адольвалі. Шукаў сэнс гэтага жыцьця.
І вось мая сястра Сьняжана пайшла першая да касьцёла, і на Божае Нараджэньне
ставілася батлейка, як зазвычай у Каталіцкім Касьцёле робіцца. І патрэбная
была роль Сьвятога Юзафа, ім не хапала. І тады яна мне запрапанавала: “Ну
прыйдзі, сыграй”. Я згадзіўся на гэтую роль.
І першае што мяне ўразіла? Ведаеце, ёсьць розныя кампаніі, тусоўкі іх
модна цяпер называць сярод сьвецкай моладзі – там трэба паказаць сябе з
моцнага боку, гэта значыць, ня даць сябе ў крыўду. Цябе ўдараць – ты мусіш
адказаць. Калі не адкажаш – будзеш біты ўсё жыцьцё.
А там зусім іншая атмасфэра была. Я там прыйшоў, на мяне паглядзелі
– добра, што прыйшоў. Да мяне адразу зь нейкай павагай аднесьліся. Мяне
гэта зьдзівіла, але натхніла. Адным словам, мне гэта спадабалася.
І я пачаў цікавіцца. І тады сястра дала мне першыя ўрокі рэлігіі – хто
такі Бог. Ужо жыцьцё маё набыло свой кірунак, свой кірунак да Бога. Так
ужо першыя блёсткі, першыя малюнкі паявіліся, першыя думкі пра сьвятарства.
Пасьля – пілігрымкі, малітва ў Будслаўскім храме перад іконай Маці Божай,
Імша Сьвятая, Камунія, споведзь (споведзь – гэта дужа важна).
Я вяртаюся да хаты, і адчуў, што хіба пайду я ў сэмінарыю. Гэта – новы
цуд, цуд быў Божы.
кс. Марк Казлоўскі
Самае папулярнае
1