Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта быў 1949 год. Нашая група складалася з 17 асоб, я была васемнаццатая. Мы былі арыштаваныя за “Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі”.

Я вельмі моцна чакала суда пасьля допытаў. Не таму, каб мяне судзілі скарэй – мне вельмі моцна хацелася сустрэцца з усімі, асабліва з мужам. Каб муж пабачыў дачушку, зь якой на руках мяне судзілі – ёй было 18 дзён ад роду; каб ён убачыў, што я не скарылася, што мужна перанесла ўсе допыты ў стане цяжарнасьці.

Група пад час суда вяла сябе з поўным гонарам, і пасьля суда грымелі ўсе сьцены Амэрыканкі ад перастуку і паведамленьняў, што судзілі такіх патрыётаў.

Мяне, на жаль, судзілі адну. Я сядзела ў гэтай клетцы з дачуркай на руках і вачэй не адводзіла ад дзьвярэй, думала вось-вось прывядуць астатніх, тых, каго я так прагну бачыць. Але замест іх увайшлі судзьдзі з ваеннага трыбуналу. Сказалі мне: “Устаць. Суд ідзе”. Я ўстала.

Я ня чула вырака, які яны мне чыталі, я нічога ня чула, чуць ня выпусьціла дачурку з рук – чаму мяне судзяць адну? І калі мне далі апошняе слова, я нічога не сказала, толькі спытала: “Чаму мяне судзяць адну?” Мне на гэта ніхто нічога не адказаў, а сказалі “Устаць!”, тут жа штыкі наставілі і павялі мяне ў “чорны воран”.

Такое не забываецца і не забудзецца. Я пранесла гэта праз усе годы пакут, ганьбы, зьняволеньня. Дык няхай галасы гучаць усіх тых, чые лепшыя годы жыцьця, маладосьць, здароўе павісьлі на кратах турэмных і калючым лагерным дроце.

Вера Касмовіч, Гарадзея

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG