Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хачу распавесьці гісторыю, якая адбылася са мной у 1981 годзе. Тады я вучылася ў трэцім клясе сярэдняй школы.

Праходзіла клясная гадзіна. Настаўніца задала пытаньне: “Дзеці, хто з вас верыць у Бога?” У клясе паступова пачалі падымаць рукі. Я таксама чула ад маці пра Бога, але чамусьці нейкае ўнутранае пачуцьцё не дазволіла падняць руку. Мусіць, ужо тады я разумела, што давяраць дарослым можна не заўсёды. Настаўніца чакала, а потым ласкава ўсьміхнула і спытала: “А хто, дзеці, ходзіць у царкву?” У гэты момант радасна ўскочыў адзін хлопец і распавёў, што кожную нядзелю ходзіць з бабуляй у царкву і шмат ведае пра Бога. Звалі хлопца Віталь. Было добра відаць, што ён ганарыцца сваімі ведамі і мог яшчэ доўга гаварыць пра бабулю, пра свае пачуцьці, пра Бога. Але настаўніца забараніла яму гэта. А апрача таго, пачала яшчэ і саромець, як гэта ён, вучань савецкай школы, паверыў у бабуліны казкі. Яна доўга нам тлумачыла, што Бога няма, і што дзякуючы такім як Віталь і яго бабуля, мы ня можам пабудаваць камунізм.

Нам тады ня ўсё было зразумела, але мы дакладна усьвядомілі, што за праўду могуць пакараць, што гаварыць трэба ня так, як гэта разумееш і адчуваеш, а так, як патрабуе настаўніца. Тады мы былі дзецьмі, і галоўным аўтарытэтам для нас была настаўніца.

У хуткім часе Віталь атрымаў у клясе мянушку “Поп”. Я разумела, што на яго месцы мог быць кожны, проста ў той момант ён быў трошку больш шчырым, чулым, сьмелым. Але тады не прызнавалі дзіцячай унікальнасьці, не жадалі зразумець унутраны дзіцячы сьвет. Наадварот, нельга было быць не такім як усе.

Вольга Караткевіч, Пінск

XS
SM
MD
LG