Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было ў 94-м годзе, калі я працавала ў міністэрстве адукацыі. Я займалася пытаньнямі нацыянальна-культурнага разьвіцьця вышэйшай школы і выкананьнем закона аб мовах у вышэйшых навучальных установах.

У той дзень мы якраз сабралі ў міністэрстве адукацыі рэктараў і прарэктараў трох вядомых ВНУ – Гомельскага Дзяржаўнага ўнівэрсытэта, Гарадзенскага Дзяржаўнага ўнівэрсытэта і Беларускага Дзяржаўнага ўнівэрсытэта – на прадмет выкананьня закону аб мовах у гэтых вышэйшых школах. Я дакладна памятаю, што з Гародні быў Алесь Краўцэвіч, які, як прарэктар, пачуваў сябе вельмі добра, бо там закон аб мовах выконваўся цудоўна. Вельмі дрэнна адчуваў сябе колішні рэктар БДУ спадар Фёдар Капуцкі, які паставіў мне адну адзіную ўмову – у нас, маўляў, гэтая справа палепшыцца, калі вы мне адкажаце на пытаньне, як перакласьці з рускай мовы на беларускую слова “стирать”. Вось, сказаў ён, калі вы зможаце адразу тут жа экспромтам гэтае слова перакласьці так, як я хачу, дык мы, маўляў адразу пойдзем угару ў гэтым пытаньні.

Я яму адказала як належыць. Мова ішла пра слова “прудзіць”. Напружаньне было зьнятае, але я ня ўпэўненая, што праблема, якую мы абмяркоўвалі, потым была вырашаная.

А ў другой палове таго ж дня ў нас была сустрэча з прадстаўнікамі тэрміналягічнай камісіі Таварыства Беларускай мовы. Міністэрства адукацыі давялося прадстаўляць мне. Мы абмяркоўвалі мэтазгоднасьць стварэньня тэрміналягічнай камісіі агульнанацыянальнага маштабу праз Кабінэт Міністраў. Я памятаю, што Вінцук Вячорка, які тады быў ад Таварыства Беларускай Мовы, вельмі так скептычна на мяне пазіраў, і, калі прачытаў мой дакумэнт (а я там абгрунтоўвала неабходнасьць стварэньня дзяржаўнай камісіі з выдзеленымі сродкамі і эфэктыўным мэханізмам функцыянаваньня), дык сказаў: “Вось тут слова “рэспубліка” напісанае з малое літары. Калі вы тут жа выправіце і напішаце зь вялікай, то я даю згоду”. Я тут жа выправіла гэтую літару на вялікую, бо была ўпэўненая, што гэта проста апіска.

Я ня ведала, што мне потым давядзецца на працягу 1,5 года займацца ўзгадненьнем стварэньня гэтай камісіі ў розных міністэрствах разам з намесьнікам міністра Тацянай Галко. Гэта сапраўды патрабавала вельмі шмат часу, але ўсё ж тэрміналягічная камісія была створаная ў 1995 годзе. Хай сабе не на ўзроўні Савету Міністраў, а на ўзроўні міністэрства адукацыі, але ўсё ж такі агульнанацыянальная тэрміналягічная камісія пачала працаваць, і я думаю, што невыпадкова на базе Скарынаўскага Цэнтра, які мне зараз даводзіцца ўзначальваць.

Любоў Канаплянік

XS
SM
MD
LG