Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я ня бачыла ніводнага свайго дзеда ў твар. І нават фотаздымку не было. Ад аднаго зь іх да мяне прыйшло пісьмо праз многа-многа гадоў пасьля таго, як дзеда не было ў жывых.

У бабулі ў прыскрынку стаяла лубяная каробачка, і яна захоўвала там пісьмы, дакумэнты, крыжык на сьмерць. Я таксама аднаго разу ўлезла ў гэтую каробку і знайшла ліст, складзены разоў у восем. Ён напісаны быў хімічным алоўкам. Гэта ад майго дзеда Аляксея. Гэтае псьмо было ім прысланае недзе з-пад Благавешчанску, з турмы. Справа ў тым, што ў 29-м годзе зь першай хваляй калектывізацыі раскулачылі і майго дзеда. Баба Ганна – яна расла круглай сіратою, выйшла замуж у 16 гадоў, вельмі любіла дзеда Аляксея, ён яе любіў, але пажылі яны толькі шэсьць гадоў. У 21 год яна ўжо засталася ўдавою.

Калі дзеда раскулачылі, яму далі 5 гадоў турмы і 10 высылкі. Ён сядзеў у Добрушы. Аднаго разу дзед прыйшоў нанач дахаты. Начальнік Добрускай турмы – гэта ў той час! – адпусьціў яго разьвітацца з сям’ёю, таму што іх павінны былі адпраўляць будаваць Усходне-Кітайскую чыгунку. Дзед прыйшоў і сказаў: “Ганна, калі ты атрымаеш пісьмо, дзе будзе напісана “Да пабачэньня, да пабачэньня і яшчэ раз да пабачэньня”, ты ад мяне пісьмаў больш не чакай, не магу я гэтага больш вынесьці, выцярпець, я буду ўцякаць праз Маньчжурыю”.

І вось аднойчы прыйцшло пісьмо, дзе было напісана тры разы: “Да пабачэньня, да пабачэньня, да пабачэньня”. Тады баба заплакала і сказала: “Усё, дзеці, не чакайце – бацькі вы больш ня ўбачыце…”

Але пасьля таго візыту-наведваньня нарадзілася мая мама, і так вось начальніку Добрускай турмы я таксама ўскосна абавязаная сваім жыцьцём, зьяўленьнем на сьвет. Пасьля гэтага пісьма бабулю выклікалі ў Хойніцкае ГПУ, трымалі ў скляпеньні, дапытвалі, казалі, каб прынесла апошняе пісьмо – мусіць чакалі, што дзед сюды ўцёк. Яна, вядома, не занесла апошняе пісьмо, а я вось яго прачытала – яно захоўвалася ў нас дома.

Прайшлі гады, я вучылася ў менскім унівэрсытэце, і адзін раз мне дзед прысьніўся. Быў моцны туман у сьне, ішоў перда мной стары, пажылы чалавек, прыгожы, статны, і я ведала, што гэта мой дзед. Ён спыніў мяне позіркам у тумане – на тым мы і разьвіталіся. Вось так я яго і бачыла. А пісьмо і лубяная каробачка вось у мяне засталіся.

Ала Канапелька

XS
SM
MD
LG