Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Самым незабыўным у маім доўгім жыцьці зьяўляецца мамэнт пераезду ў Амэрыку, які адбыўся ў чэрвені 50-га году пасьля шасьцігадовага перабываньня ў Нямеччыне ў лягерох для выгнанцаў. Пасьля шматлікіх працэдураў, зьвязаных з ад’ездам, мэдычных абсьледаваньняў, запаўненьняў анкетаў, пасьля хваляваньняў перад дарогай у нязнаную далёкую Амэрыку, нас наканец улядавалі на былы вайсковы параплаў “Гэршы”. Старэйшых зьмясьцілі наверсе, нас, малодшых, пасадзілі на самым дне параплаву. Кармілі добра, але і хвалі марскія добра трэсьлі і гойдалі, і амаль усе хварэлі на морскую хваробу. Хацелася салонага, а тут давалі памаранчы, амлет, какаву – ад салодкага нудзіла яшчэ болей. Вось прайшло ад таго часу 50 год, а я дагэтуль з абрыдай гляджу на памаранчы. Пакуты скончыліся, калі пабачылі берагі Новага Сьвету – хмарадзёры, Ню-Ёрк, статуя Свабоды – людзі плакалі ад узрушаньня.

Прыехалі – ізноў пачаліся пакуты: чужая незразумелая мова, Гарлем, нязнаныя дагэтуль чорныя, памешканьне, поўнае тараканаў. Нам выдалі зялёныя карткі – так званае права на жыцьцё ў Амэрыцы і на працу. Працы было шмат, і на трэці пасьля прыезду дзень мы ўсе ужо працавалі.

Было цяжка. У той час не было апякунчых, дапамаговых арганізацыяў для эмігрантаў, я была адна з дзьвюма нялетнімі дачушкамі і старой маці. Але ад пачатку не пакідала сьветлае пачуцьцё свабоды, якое засталося назаўсёды. Зьнікла пачуцьцё страху, што ноччу загрукаюць у дзьверы, арыштуюць, пасадзяць у “чорны воран”. Не пакідала пачуцьцё, што ты жывеш у запраўды вольнай краіне і пакараць цябе могуць толькі за цяжкое злачынства – сапраўднае, а ня так проста, без віны, якое табе “прышылі”.

Магу дадаць, што за апошнія поўстагодзьдзя я аб’ехала Эўропу, Блізкі Ўсход, Афрыку, цяпер ізноў наведала Прагу, але ніколі не зьявілася жаданьня паехаць на Беларусь, бо часы, пражытыя на Радзіме, назаўсёды выбілі настальгію па ёй. Чалавек тут чуецца шчасьлівы, жыве, працуе спакойна, цешыцца, што НКВД і бальшавікі – далёка.

Яніна Каханоўская

XS
SM
MD
LG