Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Бацька мой у 50-х гадох, як, дарэчы, і дзесяткі іншых беларусаў, паехаў разворваць цалінную зямлю. Неўзабаве асеў у башкірскім месьце Салітамак. Там я і нарадзіўся. Але на шчасьце ў 1973 годзе бацьку пацягнула на радзіму, і ён прывез сям’ю на Полаччыну. Вось так пачалася для мяне Беларусь.

Я, тады яшчэ 13-гадовы падлетак, кепска яшчэ цяміў што да чога, але мяне ўражваў лад жыцьця, дакладней, нават, сьветапогляд гэтага народу. Навокал было нейкае адчуваньне самавітасьці, гаспадарлівасьці. Напэўна, тое ж самае адчувае чалавек, які пражыўшы ўсё жыцьцё ў шумным горадзе, у чэргах, сварках, бензынавым чадзе, раптам трапіць у ціхую вёсачку на ўскрайку цывілізацыі, дзе кожны вясковец, якога ты ніколі ў жыцьці ня бачыў, прыязна з табой вітаецца, дзе нават ад цішыні зьвініць у вушах, дзе нават сабакі брэшуць толькі па абавязку.

Для мяне гэта была невядомая краіна. Вельмі ўразілі полацкія бажніцы, Сафійскі сабор (ён у той час стаяў у будаўнічых рыштаваньнях. Падземныя лёхі), валуны з надпісамі і крыжамі па берагох Дзьвіны. Тут усё дыхала старажытным, таямнічым. І потым, у сярэдзіне 80-х, як кропка, як апошні крок – Курапаты, узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Далей было проста, далей была справа сумленьня.

Вось ужо амаль два месяцы велізарны, памерам 2 на 6 мэтраў бел-чырвона-белы сьцяг з выявай шасьціканцовага крыжа ўпрыгожвае прыстанцыйны будынак станцыі Бараўх – месца нашай працы. І намалявалі мы яго з сябрамі з адзінай мэтай – каб пасажыры цягнікоў бачылі: гэта нашая зямля, мы тут гаспадары, а не купка недарэкаў, што ў 95-м дзёрла сьвятыню на шматкі.

Анатоль Каханчык

XS
SM
MD
LG