Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Вельмі шмат тут ў Ангельшчыне здарылася цікавых гісторыяў. Магу нагадаць адну зь іх.

Калі маё першая дзіця нараджалася тут – я зараз тры маю, але ж першае найбольш памятаю – у шпіталі тут муж звычайна прысутнічае пры родах і дапамагае як можа. Калі, вядома, у яго хапае духу там прысутнічаць і глядзець на ўсё гэта. Я як паглядзеў, дык упэўніўся, што ня толькі маці-гераіні, якія шмат дзяцей маюць, а і тая, якая хоць адно дзіця нарадзіла, таксама гераіня.

Ну вось адвез я жонку ў шпіталь уначы і там быў зь ёй пад час усіх гэтых родаў – некалькі гадзін мы зь ёй змагаліся. Бегаюць санітаркі, мы зь ёй дыхаем, як вучылі нас, яна хапае мяне за карак, я трымаю, дапамагаю, як магу. Ну і так мы праз некалькі гадзін нарадзілі нашую дачку, потым праз нейкі час паслалі іх ужо ў асобную палату. Я яшчэ зь ёй пабыў там гадзіну ці троху больш і пайшоў дахаты.

Але ноч на двары, можа, пятая гадзіна раніцы. Я выходжу з гэтага шпіталя, цёмна яшчэ, і іду па гэтых завулках, шукаю таксоўку. У рэшце рэшт знайшоў, кажу хлопцу, куды мяне везьці, а ён нешта такі напалоханы – аж дрыжыць на мяне глядзіць. Я думаю, што ж ты, хлопча, ну можа я з акцэнтам усходнеэўрапейскім размаўляю, што ня надта прыемна, але ж нічога. Ну сеў я ў таксоўку, едзем, ён усё азіраецца, ня мяне паглядае. Я думаю, ты ж глядзі на дарогу, бо нешта можа здарыцца. Разумею, я хлопец прывабны, але не да такой ступені, чаго ты ўсё глядзіш на мяне?

У рэшце рэшт прыехалі мы дахаты, і хлопец як асінавы ліст дрыжыць. Ну добра, кажу, колькі ж я вам павінен? Ну дайце мне 5 фунтаў і ўсё.
Ну, думаю, дзіўна. Бо каштуе ж гэта напэўна 10-12 фунтаў, а ён 5 просіць. Калі так дык так. Я даў 5 фунтаў, і ён адразу зьнік. Умомант.

Я іду сабе, філязоўскі настрой маю, разважаю аб дзівоцтвах людзей тут. Прыходжу дадому і зьбіраюся ўзяць душ, бо ледзь жывы. Заходжу ў ванны пакой, запальваю сьвятло, гляджу ў люстэрка і бачу там стомленую няголеную істоту з чорнымі запалымі вачыма, і ўвесь пакрыты крывёю… Адбіткі жончыных пальцаў на карку, рукі ўсе ў крыві… Жах!

Я адразу зразумеў гэтага хлопца. Думаю, бедны ён бедны, ну і дзякуй Богу, што яшчэ не завез мяне ў паліцыю.

Васіль Еўдакімаў, Лёндан

XS
SM
MD
LG