Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было ў 58-м годзе. Я тады жыў у Маладзечне. І прыйшоў у тамтэйшы гаркам партыі са скаргай на тое, што бібліятэкі гораду перасталі браць навінкі беларускай літаратуры. Пытаю ў іх: “Чаму не бераце?” “Нам не даюць”. Іду ў бібкалектар, пытаюся: “Чаму не даяце навінак беларускай літаратуры бібліятэкам гораду?” Яны кажуць: “Як не даем? Вось разнарадка. Яны ня хочуць браць”.

І вось таму я пайшоў у гаркам – гэта была адзіная ўстанова, якая магла падзейнічаць. Расказваю і чую ў адказ:

– И правильно делают. Вы, как белорус, должны гордиться тем, что белоруссы первые оставят свой язык, первые все усвоят русский язык и первые придут к коммунизму.

(Дарэчы, асоба, ад якой я пачуў гэтыя словы, у далейшым была прафэсарам БДУ, і ў адной са сваіх гутарак я вывеў яе ў вобразе прафэсара Прытыкі, і прозьвішча гэтае нагадвае яе сапраўднае прозьвішча)

Пачуўшы гэтыя словы, я быў ашаломлены іх бессэнсоўнасьцю. Па-першае, я пачуў, што гаркам згаджаецца з тым, што бібліятэкі не бяруць навінак беларускай літаратуры, па-другое, чаму гэта я павінен быў ганарыцца тым, што мой народ можа вырачыся сваёй роднай мовы, ну і асабліва, нават з пазыцыяў афіцыйнай ідэалёгіі, было бессэнсоўна лічыць, што калі народ засвоіць нейкую чужую мову, ён прыйдзе да камунізму.

Я быў абураны гэтым, выказаў сваё абурэньне там, у гаркаме, ну і, прыйшоўшы дадому, выклаў усё гэта ўсваім лісьце і паслаў у ЦК на імя першага сакратара Мазурава.

Аднак, ніякага адказу я не атрымаў. І гэта зразумела. Бо я пасьля даведваўся, што ўсё гэта ішло ад іх, зь вярхоў беларускіх улад. І ў гэтых адносінах іх надаўміў ніхто іншы як Мікіта Хрушчоў, які ў адным са сваіх прыездаў у Менск так сказаў: “Чем мы быстрее усвоим русский язык, тем мы быстрее придём к коммунизму”.

І вось нашыя кіраўнікі вырашылі: а-а, калі так, дык мы першыя прывядзем наш народ да камунізму; і пачалі такую суцэльную русыфікацыю. Пачалі ўсе беларускія школы пераводзіць у расейскія, бацькоў сталі прымушаць, каб падавалі заявы аб вызваленьні сваіх дзяцей ад вывучэньня беларускай мовы. Вядома ж, па іх ініцыятыве і бібліятэкі ня сталі браць навінак беларускай літаратуры.

Кожны, хто больш-менш быў не запалоханы, прытрымліваўся беларушчыны, быў на пільным уліку ў ворганах. Так, напрыклад, начальнік Маладзечанскага КГБ Іваноў у 66-м годзе назваў мяне “жывым ископаемым”. Так ён лічыў, што ўсё беларускае – ўжо выкапень, і толькі вось жывуць паасобныя экзэмпляры гэтай беларушчыны, і таму трэба быць вельмі пільным і змагацца зь імі, выкрываць іх і гэтак далей.

Нават ужо ў 84-м годзе мяне тройчы выклікалі ў КГБ з нагоды таго, што, маўляў, “до нас дошли сведения, что вы пишете историю, в которой хотите доказать извечную самостоятельность Белоруссии”.

Бачыце, беларускіх начальнікаў асабліва палохала самастойнасьць Беларусі. Справу змаганьня з усім беларускім, вынішчэньня ўсяго беларускага ад савецкіх кіраўнікой поўнасьцю перанялі сучасныя кіраўнікі Беларусі. Але калі першыя рабілі гэта, ведучы наш народ да камунізму, дык другія гэта робяць, ведучы да саюзу з Расеяй.

Мікола Ермаловіч

XS
SM
MD
LG