Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Адной з самых запамінальных падзеяў у маім жыцьці ёсьць путч жніўня 1991 года. Тады на працягу пяці дзён я меў такі страшэнна прыўзьняты настрой, лётаў зь мегафонамі, рабілі ўлёткі, усяляк актыўнічаў на працягу дня, уначы ня спаў – слухаў Радыё Свабода, раніцай ізноў бег на плошчу (тады Леніна, а потым Незалежнасьц), і так на працягу пяці дзён. Гэта быў проста выбух назапашанай у арганізме энэргіі. Потым, праўда, тыдзень адсыпаўся, але тыя пяць дзён мне запомніліся такім неверагодным прыўзьнятым фізычным станам.

А з такіх цікавостак, якія тады ўразілі, гэта калі на трэці ці чацьверты дзень пасьля путча мы стаялі на плошчы Незалежнасьці (ужо сфармаваная дружына БНФ, ідзе запіс у Нацыянальную Гвардыю), і раптам падыходзіць да мяне падпалкоўнік Срыбны, які тады загадваў у гарадзкой міліцыі аддзелам па забесьпячэньні парадку, і кажа:

– Віктар, выдзелі 100 чалавек на ЦК і гаркам, а з райкамамі я сам спраўлюся.

І выдзеліў мне ў дапамогу свайго афіцэра сувязі. Я спачатку не ўспрыняў і адурэў, а пасьля даведаўся, што аказваецца напярэдадні ўначы Гарбачоў прыпыніў дзейнасьць КПСС, і ў першую чаргу міліцыя пачала выконваць рашэньне прэзыдэнта СССР, што было шокам для жыхароў Беларусі, у тым ліку, і для беларускага партыйнага начальства.

Людзі з бел-чырвона-белымі павязкамі сумесна зь міліцыяй, на чые машыны мы паўтыкалі бел-чырвона-белыя сьцяжкі, блякавалі будынкі ЦК і гаркама партыі.

Напэўна, апячатваць будынкі маглі і самі міліцыянты, але патрэбнае было, відаць, палітычнае прыкрыцьцё. У тыя дні міліцыя палічыла, што калі ўлада ў Расеі пераходзіць да дэмакрата Ельцына, адпаведна ўлада ў Беларусі, падумалі яны, пераходзіць да Беларускага Народнага Фронту. Таму, відаць было і адпаведнае стаўленьне, і павага, і жаданьне супрацоўнічаць.

Віктар Івашкевіч

XS
SM
MD
LG