Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Мне найбольш запомніўся 63 год, калі я – студэнтка філфаку – прыехала ў Віцебск да сваёй цёткі, бо зразумела, што на стыпендыю мне выжыць цяжка і падумала, што нам будзе разам неяк лягчэй.

Але прыехала я ў вельмі неспрыяльны момант. Якраз у доміку, які яна здымала тыды – ”времянкі” іх называлі ў Віцебску – ляжала ўжо сьмяротна хворая мая бабуля, а цётка была вельмі занятая, і таксама прыхварэла. Яна патраціла ўсе свае грошы на лекі, і, прыехаўшы зусім бяз грошай таксама, я ніяк не магла дапамагчы ім. У хаце было так сьцюдзёна, што вокны былі пакрытыя інеем – з боку ўнутранага. Бабуля ляжала, і яе жоўтая рука амаль беспрытомна драпала гэты іней на шкле, нібы яна хацела прадрапаць дзірачку і ўбачыць навакольны сьвет. Было цёмна.

Мне захацелася нешта зрабіць. Я сказала: “Што можна? Грошы дастаць нельга, але, магчыма, можна дастаць дровы? ” Дроў таксама нельга дастаць. Але ёсьць дрэвабудаўнічы камбінат – ён знаходзіцца за тры прыпынкі ад Маркаўшчыны – гэта раён Віцебску. Цётка сказала: “Але там жа ж вартаўнік, ён нас ня пусьціць… Праўда, там ёсьць дзюрка ў агароджы – вось туды можна пралезьці.”

Мы ўзялі вялікі мех і паехалі ў гэты дрэвабудаўнічы камбінат. Ішоў мокры сьнег, вецер, і мабыць вартаўнік недзе схаваўся, нікога не было відаць. І мы зьбіралі трэскі пад гэтым дажджом, сьнегам, але дзіўна: чым больш напаўняўся мех – тым весялейшымі мы рабіліся. І калі мы гэты мех урэшце набралі і ўдваіх яго панесьлі да прыпынку – мы ўжо адна адной расказвалі нейкія вясёлыя гісторыі, і з маёй маладой цёткай проста сьмяяліся.

Мы ледзь увапхнулі гэты мех у трамвай, кантралёр хацеў узяць з нас штраф за гэты мех – мы яго ўпрошвалі і гаварылі, што вязем ратаваць старую жанчыну.

Адным словам, калі мы ўрэшце запалілі печ, я памятаю гэты момант: калі мы сядзелі, і па засьнежаным, заінелым шкле папаўзьлі першыя кроплі вільгаці. І вось гэтае цяпельца, і гэтая вільгаць, і гэтае вакно, якое ачышчалася ад наледзі, і бабуля расплюшчыла вочы… І момант, калі мы – тры жанчыны – сядзелі каля гэтага цяпельца. Было так цёпла, так утульна…

І я адчувала такую роднаснасьць з гэтымі дзьвюма жанчынамі, а бабуля – гэта быў той чалавек, які мяне вучыў і мове беларускай, і калісьці за руку за пяць кілямэтраў вадзіла ў Паўлавічы ў царкву… Вось гэты момант для мяне – у мінулым дзетдомаўскай дзяўчынкі – момант радні, цяпла, сьвятла, і галоўнае – адчуваньня, што ўсё можна зрабіць урэшце і перамагчы абставіны – застаўся адным з самых сьветлых момантаў майго жыцьця.

Вольга Іпатава, Менск

XS
SM
MD
LG