Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Пяць год назад у Кіеве, дзе знаходзілася штаб-кватэра Народнага Руху Ўкраіны, у пяць гадзін вечара ўброенымі людзьмі ў масках быў забраны са свайго кабінэту Міхайла Байчышын.

Міхайла Байчышын быў намесьнікам старшыні Народнага Руху Ўкраіны, ён рыхтаваў у гэты час другую канфэрэнцыю па Балта-Чарнаморскім нафтавым калектары.

Тады адразу пачалі шукаць Байчышына, так вось як зараз шукаюць Ганчара, Захаранку і не знаходзяць. Вось мінула ўжо пяць год, а Байчышына так і няма.

Прычына зьнікненьня была відавочнай. Калі распаўся Савецкі Саюз, і паўстала пытаньне аб паліўна-энэргетычным комплексе ў Беларусі, на Ўкраіне і ў рэспубліках Прыбалтыкі, тады і ўзьнікла ідэя – каб не было ў нас манапалізаванага рынку ў Балта-Чарнаморскім рэгіёне, і каб зьвязаць Балтыку з Чорным морам – пракласьці калектар ад Адэсы і да Вентспілса, і даць нафту.

Гэта давала магчымасьць усім краінам Балта-Чарнаморскага рэгіёну атрымаць выхад да двух мораў, і там, дзе нафта была б таньней, напрыклад, у Чорным моры ці ў Балтыцы ці, нават, у Расеі, – і вось з гэтых трох кропак можна было карыстацца палівам.

Я паехаў на Ўкраіну і меў сустрэчы з Міхайлам Байчышыным, і ён далучыўся да гэтай справы. Ён меў выхады на Інстытут транспарта і нафты, і тады гэтая ўстанова была падключаная да таго, каб тэарэтычна распрацаваць магчымасьці такога калектару.

Першая канфэрэнцыя прайшла тады ў Менску. Прайшла вельмі выдатна, бо на яе прыехалі і гэнеральны дырэктар нафтавага тэрміналу ў Венстпілсе, і дырэктар “Латвіяснафта”. Прысутнічалі таксама з нашага міністэрства энэргетыкі. Былі прадстаўнікі і Расеі, але яны былі вельмі сумныя ад усяго таго, што тут адбывалася.

Мы ў той час былі вельмі простымі, нават ня думалі пра тое, да чаго гэта можа прывесьці. Мы пасьля ўжо падлічылі, што для Расеі гэты рынак дае каля 20 мільярдаў даляраў у год, і, зразумела, што Расея так проста аддаць гэты рынка не хацела.

Пачало гэтае кола круціцца. Я езьдзіў у Вільню, выступаў там перад Камітэтэтам нацыянальнай бясьпекі, не адзін раз быў у Кіеве. І было ўжо зроблена шмат чаго. Былі банкі, гатовыя даць грошы на тое, каб зрабіць гэты праект дзейсным, каб ён для Беларусі нешта даваў.

Справа ў тым, што дакумэнты тых людзей, якія павінны былі даць грошы, дакумэнты з банкаў з адрэсамі – усё гэта было ў Байчышына. І ў Байчышына ўсё гэта выкралі. І другую канфэрэнцыю сарвалі.

Шукалі Байчышына і не знаходзілі. Усё было зразумела. Тут – справа рук расейскай разьведкі і КДБ. Бо мы пачалі займацца той справай, на якую ня мелі сілаў, нават для таго, каб сябе неяк прыкрыць. Але ж на гэтым ня скончылася.

Потым я меў па гэтым пытаньні сустрэчу зь Мясьніковічам, і беларускі ўчастак нафтаправода “Дружба”, гомельскае аддзяленьне, замовіў гэты праект нафтавага калектару ў Кіеве, у Інстытуце транспарта і нафты. Праект быў зроблены, і зараз ён знаходзіцца недзе ў скрыні ў Лукашэнкі. Можа ён калі-нікалі дастае і глядзіць гэты праект ды й зноў яго засыпае нафталінам і далей засоўвае.

Станіслаў Гусак

XS
SM
MD
LG