Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Дэпутат Лукашэнка ўвесь час спрабаваў узначаліць апазыцыю ў Вярхоўным Савеце. Першая апазыцыйная структура, якая была створаная з усіх некамуністычных дэпутатаў, гэта дэпутацкі Дэмакратычны клюб. Там такое спаборніцтва ішло, каму яго ўзначаліць – Пазьняку ці Лукашэнку. І калі Лукашэнка ня змог яго ўзначаліць, ён пайшоў ствараць групу камуністаў-дэмакратаў, якую і ўзначаліў.

Ён выступаў з дакладамі. Ён гаварыў пра тое, пра што я гавару зараз: што дыктатура, гэта дрэнна… Я памятаю, як я падараваў яму сваю кніжку па гісторыі сялянства 16-18 стагодзьдзя. Ён, як дырэктар саўгаса, падзякваў. Потым я папрасіў: “Ты мне добрага насеньня морквы і грэчкі можаш прывезьці?” Праўда, прынес. Не даваў, а кінуў так: на, кажа, апазыцыя, бяры, садзі. Узяў я, пасеяў – не ўзышло нічога.

Калі гаварыць, што пілі разам сьпіртныя напоі…Адзін раз было такое. 27 ліпеня 90-га года была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, узьнікла такое жаданьне, бо такое сьвята, гістарычнае, гэта разумелі ўсе. Трэба ж, каб хоць па 20 грам усе выпілі. І дэпутат Садоўскі падыходзіць да Старшыні Савету міністраў Кебіча і кажа:

– Вячаслаў Францавіч, ну трэба…

Той:

– Хадзем да мяне.

Я ня памятаю, якога напою (каньяк ці Зуброўка там была, жоўтага такога колеру) Савет Міністраў выдзеліў. Там была вялікая колькасьць дэпутатаў, замачылі гэтую Дэклярацыю. А потым, на плошчы цяпер Незалежнасьці, а тады Леніна, ужо стаялі некалькі соцень людзей са сьцягамі, там было весела. Выйшлі туды, поўночы сьпявалі песьні…

91-ы год, 19 жніўня, так званы ГКЧП. Як яно пачыналася, тое ГКЧП. Мне ў шэсьць раніцы званок. Сяргей Антончык:

– Валік, ты ведаеш, што адбылося? Гарбачова зьнялі.

Прыяжджаем у Вярхоўны Савет. Хлопцы сабраліся. Помню, Анатоль Гурыновіч, Сяргей Навумчык, Ігар Гермянчук. Гавораць, давай зойдзем да Дземянцея. Заходзім да Дземянцея ў кабінэт не стукаючыся, а ён якраз у гэты час з Лук’янавым гаварыў. І вось мы дзьверы адчыняем, а ён кажа:

– Ну всё, за мной прышлі…

Валянцін Голубеў

XS
SM
MD
LG