Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Было гэта ўвосень 1939 году. Прыблізна празь месяц пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР. Ці інакш – “вызваленьне нас ад іга польскіх паноў і памешчыкаў”. Я тады вучыўся ў 5 клясе Новасьвержаньскай сямігодкі.

Аднойчы пад час урока нечакана зайшоў дырэктар школы, а зь ім два незнаёмыя дзядзькі. Яны ўважліва агледзілі наш клас і згодна кіўнулі галовамі. Дырэктар штосьці пашаптаў на вуха настаўніку, сам выйшаў, а дзядзькі пачалі заносіць у кляс апаратуру.

Вялікія пражэктары яны паставілі каля сьценаў, а нейкі апарат на трынозе – ў канцы аўдыторыі, за нашымі сьпінамі. Калі ўключылі пражэктары, у клясе стала сьветла і цёпла, як летам.

Нам загадалі сядзець ціха, не аглядвацца і слухацца настаўніка. А настаўнік, узяўшы крэйду, напісаў на дошцы два словы: Ленін і Сталін.
Ён загадаў нам пісаць гэтыя словы ў сшытках, а сам пачаў выклікаць нас па чарзе да дошкі, дзе мы й пісалі гэтыя словы.

Так працягваўся ўрок. За нашымі сьпінамі ўвесь час страчыў, нібы швейная машынка, той таямнічы апарат. Пры канцы ўроку нам сказалі, што заняткаў больш ня будзе і мы можам ісьці дамоў. Са школы нас выпусьцілі праз запасны выхад у двор школы. А там ужо стаяў дзядзька, і круціў ручку апарату ўвесь час, пакуль мы праходзілі каля яго.

Пасьля нас накіравалі празь дзірку ў плоце ў суседні сялянскі двор. Па гэтым двары мы, праходзячы каля гумна, хлява і хаты, выходзілі на школьную вуліцу. А там нас зноўку чакаў дзядзька з апаратарам, зноў круціў яго.

Па гэтым двары нас ганялі разоў 5. Нас прымушалі йсьці невялічкімі кучкамі, крышку штурхацца, сьмяяцца, рабіць выгляд, што нам вельмі весела. Назаўтра настаўнік нам патлумачыў, што гэта здымалі нас для кіно.

Але мы ўспрынялі гэта спакойна, бо не разумелі, што гэта такое. Толькі праз шмат гадоў, будучы дарослым, успамінаючы і аналізуючы гэты эпізод, я зразумеў, што тады нас здымалі ня проста для кіно. Тады рабілі здымкі важнейшай падзеі ў гісторыі Заходняй Беларусі.

Здымаўся эцюд аб тым, як заходнебеларускія дзеці, якія пры “панскай Польшчы” вучыліся ў польскай школе на польскай мове, цяпер у новай савецкай школе вучацца на роднай мове. І першыя словы, якія яны вучацца пісаць па-беларуску, - гэта, вядома ж, імёны самых любімых усімі дзяцьмі Савецкага Саюзу Леніна і Сталіна.

Тады я зразумеў, чаму для гэтага кіно здымалі менавіта нас. Рэч у тым, што наша школа, хоць і была звычайнай местачковай школае, але ячшэ пры Польшчы была электрыфікаваная. Гэта было зручна для здымкаў.

Эцюд, відаць, прайшоў па ўсіх кінатэатрах Савецкага Саюзу. У ім было паказана, як шчасьлівыя заходнебеларускія дзеці вяртаюцца з новай савецкай школы. А мы, ня маючы заслуг перад гісторыяй, патрапілі ў гісторыю. На жаль, празь дзірку ў плоце. Але, як казаў мой бацька, для чалавека не так важна трапіць у гісторыю, як у яе ня ўліпнуць.

Іван Фурсевіч

XS
SM
MD
LG