Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Было гэта ва Ўсходняй Нямеччыне, калі там былі яшчэ савецкія школы. Вучыўся я там у сёмай клясе.

Аднаго вечара паказвалі цікавае кіно пра амэрыканскіх рэвальвэроўцаў, і адзін зь іх насіў гальштук на калене. Гэта так прыгожа выглядала…

У мяне былі амаль што амэрыканскія джынсы Levi’s, сіні савецкі пінжак і, ясная справа, на шыі чырвоны гальштук. Я вырашыў паспрабаваць: як гэта будзе выглядаць, калі я завяжу гальштук на калена?

Ну, і тут мяне злапалі на гарачым учынку. Сабралі піянэрскую дружыну клясы, пачалі чытаць мне маралі, што я сьвятыню на калена надзеў! Ну і вырашылі, што з такімі, як я трэба разьбірацца. Сабралі школу: адных прымаюць у камсамол, чырвоныя кніжкі даюць, а тут трэба даць вымову аднаму. А тое тут дзеці пра камсамол мараць, а ён да піянэрыі дрэнна ставіцца!

Зь мяне зьнялі гэты гальштук. І гэта не было так страшна. Мае сябрукі мне кажуць: “Ты не перажывай!” І мы пайшлі дахаты.

А жылі мы ў нямецкім старым доме, і там быў сад. Мы зайшлі за корчыкі, усе паздымалі гэтыя гальштукі, пачалі іх таптаць і паліць. Тут бацька мой убачыў праз вакно, што мы робім, выбег да нас і крычыць: “Дзеці, што вы робіце? Вы ж сваіх бацькоў падстаўляеце!”

Але было ўжо позна: гальштукі былі спаленыя. Вось так мы разьвіталіся з піянэрыяй.

Эдвард Дзьмухоўскі, Горадня

XS
SM
MD
LG