Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было ў сярэдзіне 80-х гадоў. Я тады зацікавілася культавымі камянямі. І вось, будучы ў архэалягічнай экспэдыцыі ў Мёрскім раёне на Віцебшчыне, мы разам з мастачкай Зояй Краўчанка накіраваліся ў вёску Стары Пагост, каб паглядзенць камень пад назвай Кравец.

У 1923 годзе ў часопісе “Крывіч” пра яго напісаў Вацлаў Ластоўскі. Ён прывёў і некалькі паданьняў. Напрыклад, у адным зь іх гаварылася, што людзі ўдзень звозілі камяні для будаўніцтва царквы на беразе ракі, а чорт за ноч перакідваў іх на другі бераг. Тады камень Кравец ператварыўся ў волата. І колькі камянёў чорт перакіне праз раку, то волат назад яму – удвая больш. Ад гэтага сабралася столькі камянёў, што хапіла пабудаваць храм.

У вёсцы мы доўга распытвалі пра камень, заходзілі да самых старых людзей, але ніхто нічога ня ведаў. Усе толькі казалі, што шмат камянёў за вёскай, на поплаве. Мы пайшлі туды – і сапраўды, там ляжалі валуны, сьцягнутыя з поля. Побач на лузе пасьвіўся статак. Якраз быў поўдзень, і сюды сталі сыходзіцца сялянкі зь вёдрамі, каб падаіць кароў. І мы зноў пачалі распытваць. Я некалькі разоў зачытвала публікацыю Вацлава Ластоўскага. Усе дзівіліся, прасілі яшчэ і яшчэ раз прачытаць паданьне, сталі гадаць, ад каго яно магло быць запісанае, успаміналі ўсіх сваіх продкаў, ганарыліся, што паданьне зь іх вёскі, і што надрукаванае яно менавіта на беларускай мове, і што гэта было так даўно. Тым, хто падыходзіў пазьней, ужо самі вяскоўцы пераказвалі паданьне пра камень.

Вось прайшло два гады. Зноў мы былі ў экспэдыцыі на Мёршчыне, ехалі спадарожнай машынай у Новы Пагост. Калі малады шафёр даведаўся пра мэту нашай вандроўкі, то сказаў, што там, у Новым Пагосьце, мы нічога ня знойдзем, а вось у Старым Пагосьце ёсьць цікавы камень, і яго ведае ўсё навакольле, нават расказваюць паданьні.
“Вы абавязкова пабывайце ў Старым Пагосьце”, – заключыў шафёр.

Так да нас вярнулася паданьне, якое мы ўзрадзілі ў вёсцы Стары Пагост.

Людміла Дучыц, Менск

XS
SM
MD
LG