Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гадоў 30 таму, недзе праз год пасьля заканчэньня Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, я трапіў працаваць настаўнікам біялёгіі і геаграфіі ў вёску Алень Магілеўскага раёну. І хаця пасьля вайны прайшло ўжо даволі шмат часу, і мне, маладому настаўніку, здавалася, што нашая адукацыя ідзе наперад, тое, што я ўбачыў у той школцы, прымусіла мяне апусьціца на зямлю.

Я кажу “школцы”, але школа ў вёсцы існавала толькі на паперы. На самай справе яна з-за нядбайнасьці адміністрацыі згарэла. Заняткі праходзілі ў некалькіх сялянскіх хатах, часам, проста ў сенцах. Тым часам, гаспадары побач займаліся звычайнымі хатнімі справамі – гатавалі ежу для быдла, пралі бялізну ці яшчэ што.

Увогуле, школа была месцам высылкі для настаўнікаў, якія ў нечым праштрафіліся альбо з-за алкагольнай залежнасьці не маглі працаваць, так бы мовіць, на людзях. Аб некаторых прадметах, якія мусілі выкладацца ў школе, вучні нават нічога ня ведалі. Часта на ўвесь кляс быў толькі адзін падручнік. Працягласьць урокаў вагалася толькі ў залежнасьці ад настрою настаўнікаў – часам 20 хвілінаў, а часам і зусім адменіць. Дырэктар школы, стары алкаголік, часта пад час заняткаў пасылаў мяне ў краму па віно альбо гарэлку.

Аднойчы я праводзіў урок у 7-м клясе. Дырэктар, як звычайна, у гэтай жа хаце сьпіць на печцы і гучна храпіць. Канчаецца ўрок, прыходзіць наступны кляс, а дырэктар прачнуўся і кліча мяне на кухню. Там налівае шклянку сівухі і кажа: “Пі”. Я ашалела гляджу на яго, на дзяцей, якія цікуюць праз фіранкі. “Дык урок жа зараз будзе”, – спрабую адбіцца. А дырэктар: “Ня вып’еш – не адпушчу”. Зьбіраю ўсе сілы, хутка выпіваю сьмярдзючы напой, закусваю кіслай капустай і ходу. “Куды гэта ты?” – аклікае дырэктар. – “Налівай яшчэ адзін стакан”. Давялося ізноў піць.

Як ні дзіўна, аказалася, што пасьля такой дозы дзеці ўспрымаюць мяне цалкам звыкла і нават прыязна – вядома, у такім стане настаўнік добры, двойку не паставіць.

Аднойчы ўзімку адзін з вучняў 7-га клясу ўначы выбіў вакно ў хаце, дзе мы жылі з жонкай і малым сынам. Аказалася, што гэтым ён адпомсьціў маёй жонцы, таксама настаўніцы за тое, што яна не адпусьціла яго з заняткаў на п’янку да васьміклясьнікаў.

У такіх умовах прарабіў цэлы навучальны год. Выпускныя экзамены ў восьмым клясе правялі ўмоўна, двоек не паставілі нікому. Пасьля году настаўніцкай працы я вырашыў увогуле кінуць працу ў адукацыі. Вядома, шкада было пакідаць дзяцей, якім увесь год спрабаваў дапамагчы, выцягнуць іх з гэтай багны, але настаўнічаць у вёсцы ўжо не хацелася.

Аляксей Дуброўскі

XS
SM
MD
LG