Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Раскажу я вам, як я раі лавіў.

Аднойчы я прыехаў у вёску да бабы. Бабуля крыклівая была, крычыць: “Давай, унучак, ідзі сена касіць”. Толькі пачалі, зноў нейкі гвалт.
– Чаго ты, баба, крычыш?
– Рой выйшаў, вунь сядзіць на дрэве, няма каму здымаць. Лезь і ў райніцу яго там зграбай.

Лыжку яшчэ мне ў рукі дала. А сам быў у адной кашулі толькі, добра, што яна яшчэ нешта мне на галаву надзела.

Ну палез туды, пачаў гэтай лыжкай іх грэбсьці. Гляджу – адна пчала ўкусіла, потым дзьве ўкусілі зараз – зноў цярплю. Потым гляджу, ужо штук пяць зноў кусаюць – цярплю. Цярпеў-цярпеў, калі ўжо рой пайшоў у райніцу, уцёк я з гэтага дрэва, рукі – ў вядро з вадой. Але ж гэта не памагала.

Падыйшоў да люстэрка, гляджу – нешта я сябе не пазнаю. Чэлюсьць ня там стаіць, вочы не туды глядзяць…

Пачалі яны мяне ратаваць. Баба крычыць:
– Едзь, там вадаём, вада, пасядзіш там з поўгадзіны ды выйдзеш.

Паехалі. Сядзеў хвілін так з трыццаць. Адышло трохі. Паехалі мы ад гэтай бабы. Дамоў прыехалі – зноў госьці нейкія, друга сястра прыехала з Расеі. Селі, па чарцы выпілі.

Зноў нешта чую: ня тое мне, дрэнна. Пайшоў я дамоў. Толькі выйшаў з гэтай каліткі, гляджу, у вачах: дзе трава – там зелень, а дзе ўсё астальное – ня поймеш якім колерам. Лёг, крычу:
– Друг, сябра, ідзі сюды, прынясі якога малака.

Прынес ён мне малака. Выпіў – усё, трохі адлягло, малачко памагло.

Але ж праз гадоў 20 зноў успомніў. Сяджу дома, звоніць сябар, гаворыць:
– Сашка, я ведаю, што ты здымаеш раі.
Кажу:
– Не, друг, не паеду я гэта рабіць.
– Не, прыяжджай, у нас рой каля фірмы вісіць, і невысока.

Ну паехаў. Гляджу, добры рой сядзіць такі, ну жалка ж яго выпускаць. Тут адзін крычыць – вадой яго палівай, другі – яшчэ нешта гаворыць, але куды там паліваць, калі трэба гэтую справу рабіць.

Палез. Зноў. Добра, што сітцо надзеў. Зноў рукі голыя, і зноў яны мне як далі, яшчэ болей, чым у бабы. Зрок пацяраў, нічога ня віжу. Людзі ідуць…людзей толькі чую па голасу.

– Людзі, – крычу, – ня йдзіце сюды, шчас пакусаюць вас гэтыя пчолкі.

Потым зрок троху наладзіўся. Ну куды? Зноў к вадзе. Зноў прыходжу к возеру, а там глаўурач нашай бальніцы. Гаворыць:
– Чаго ты такі красны?
– Ды вось трохі пчолы пакусалі.

На сьледуюшчы дзень нашчытаў я болей за сто ўкусаў, якія былі заметныя. Што яны кусалі мяне, і колькі – нічога ня помню і нічога не хачу знаць. Болей я іх здымаць ня буду.

Аляксандар Доўнар

XS
SM
MD
LG