Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хачу расказаць пра джынсы, якія за часамі маёй маладосьці былі ня проста апранахай, а пэўным знакам, сьведчаньнем прыналежнасьці іх уладальнікаў да пэўнае касты. Каштавалі яны вялікіх грошай, дый набыць іх, нават пры наяўнасьці патрэбнай сумы, было няпроста.

Праўда, калі напачатку 70-х па іх езьдзілі ў Рыгу ды Вільню, дык усярэдзіне дзесяцігодзьдзя ўжо наш горад стаў пастаначальнікам фірмовага тавару. Рэч у тым, што ў Наваполацку ў той час атабарыліся будаўнікі польскае фірмы “Энэргаполь”, якія будавалі нафтаправод, што злучаў Полацак з Мажэйкяем.

Палякі, аднак, ня столькі будавалі, колькі гандлявалі джынсамі, зьдзіраючы з наваполацкіх пакупнікоў па 200-220 рублёў за штуку. Ну і, зразумела, ніхто тады не насьмельваўся вывешваць іх сушыцца ў двары альбо пайсьці ў джынсах на пляж – калі б такое надарылася, іх бы абавязкова скралі.

І тут самы раз згадаць выпадак. Аднойчы мы ішлі з сябрам Валодзем па горадзе і сустрэлі нашага агульнага знаёмага Лёху, зь якім мы разам вучыліся ў школе. Ён некуды сьпяшаўся, а таму, паціснуўшы нам рукі, мімаходзь прамовіў: “Заўтра а пятай раніцы ідзем на рыбалку”. Сказана гэта было такім тонам, што я адразу зразумеў – рыбаю тут і ня пахне.

Надарылася так, што ўранку таго дня я вяртаўся з пагулянкі. Нечакана ўбачыў на даху аднаго з дамоў Валодзю, які трымаў у руцэ рыбацкі сьпінінг. Я схаваўся за дрэвам і стаў цікаваць, якую рыбу будзе лавіць сябар. Неўзабаве з-за краю даху выплыла кудлатая Лёхава галава. Галава тарганулася, маўляў, будзем закідваць у гэтым месцы. І Валодзя, зірнуўшы долу, стаў накручваць сьпінінг. Яшчэ хвіліна – і сябра, начапіўшы на гачак джынсы, што сохлі на гаўбцы, стаў круціць барабан у адваротны бок.

Рыбалка такая падпадала пад артыкул Крымінальнага кодэксу. І ўсё ж-такі гэта быў не банальны крадзёж, а нешта іншае. Вось калі б на гаўбцы вісела норкавае футра ці, нават, царскія шаты, хлопцы на іх наўрад ці паквапіліся б. Рыбацкае шчасьце яны зьведвалі толькі тады, калі на гачак патраплялі зацяганыя і пацёртыя джынсы, тым больш з такіх далёкіх і такіх незабыўных 70-х гадоў.

Васіль Храмцоў

XS
SM
MD
LG