Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


За ўсё маё доўгае жыцьцё мне давялося перажыць шмат чаго і добрага, і дрэннага, але было некалькі падзеяў, якія застануцца назаўсёды ў маёй памяці, бо яны цалкам зьмянілі маё жыцьцё. Адным з такіх жахлівых мамэнтаў быў у 1936 годзе мой і маёй маці арэшт.

Я якраз скончыла мэдычны інстытут і рыхтавалася да працы, але вось бяда прыйшла і ў наш дом. Раз вечарам да нас прыйшлі два мужчыны ў форме НКВД з ордэрам на ператрус і на арэшт мяне і мамы. Мы вельмі ўсе хваляваліся, і я ніяк не магла зразумець, што гэта робіцца, бо ніякай віны за сабой не адчувала. Пасьля ператрусу нас з мамай пасадзілі ў закрытую машыну з кратамі, якую ў народзе празвалі “чорным воранам”, і павезьлі ва ўпраўленьне НКВД на Валадарскай вуліцы.

Мяне і маіх сяброў абвінавачвалі ў антысавецкай агітацыі і слуханьні Радыё ВВС, а маму абвінавачвалі ў тым, што яна ведала, чым мы займаемся і не данесла на нас. Мне далі тры гады лягеру, а маме – адзін год за неданос, і павезьлі ў таварным цягніку: маму – на Далёкі Ўсход, а мяне – у Сібір. Мы ехалі так цэлы месяц.

У 39 годзе, калі я ўжо выйшла з лягеру, дадому, да Менску, я ўжо не магла вярнуцца, бо не было дазволу. І я паехала ў горад Манцігорск. Нечакана да мяне прыехала мама. Ёй не дазволілі жыць у Менску, а пасьля ёй далі дазвол вярнуцца дадому, і бацька яе забраў. Апошні раз мы бачыліся зь ёй у 40-м годзе, а ў 41 годзе нас надоўга разлучыла вайна, і я нават ня ведала, ці засталіся яны жывыя.

Другой, ужо шчасьлівай, падзеяй быў першы ліст ад маёй сястры, які я атрымала праз 13 гадоў пасьля вайны, і даведалася, што ўсе мае родзічы – сястра з бартам і з дзецьмі, мама – засталіся жывымі і жывуць у Амэрыцы.

Я вельмі цешылася, калі атрымала ад маёй сястры запросіны. І толькі ў 1970 годзе атрымала дазвол і ўжо не памятаю, як села ў самалёт: як мы сустрэнемся, што будзем гаварыць, бо трыццаць гадоў мы ня бачыліся?

І вось Ню-Ёрк. На лётнішчы я адразу пазнала сустракаючых мяне сястру, брата, пляменьніцу. Калі мы пад’ехалі дадому, у дзьвярах стаяла мая маці, маленькая худзенькая старушка, але такая знаёмая, родная. Без сьлёз не абыйшлося.

Марыя Чэпелёва

XS
SM
MD
LG