Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Мне недзе 5-6 гадоў. Я ў сваёй роднай вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёну выходжу, як у нас казалі, на загумен і перада мною – заліўны луг. Раньняя вясна. На гэтым лузе – незвычайныя колеры і ўвогуле незвычайнае відовішча, якое ўражвае мяне сваім выглядам. Бо ўжо парасла і зацьвіла трава. Неверагодна далікатная і зялёная трава выбіваецца з-пад вады, вялікія густа-зялёныя лісты лотаці й жоўтыя галінкі. І вось на гэтай паверхні яшчэ доўгія і шматлікія палосы. Гэта – павыносілі выбельваць палотны жанчыны. Мяне неверагодна цягне да гэтага, хочацца ськінуць сваю абутку і прабегчыся па гэтых палотнах.

Я, натуральна, не ўтрымліваюся, скідаю боты і лячу. Адчуваньні нагам босым неверагодна далікатныя, прыемныя ад цеплыні гэтых палотнаў. Але калі ж я іх парушу ў вадзе, вада ўскаламуціцца, то ведаю, што мяне за гэта могуць пакараць. Тым ня меней я прабягаюся ў адзін бок, саскокваю ў халодную ваду, забягаю на другое палатно, прыбягаю да сваіх ботаў, а потым шчасьлівы і радасны ўцякаю з гэтага месца дахаты.

Чаму тое так памятаецца? Таму, што няма больш заліўнога лугу, няма ўспрыманьня абсалютна ўсімі пачуцьцямі гэтай сьпеўкі кнігавак, гэтых жаўранкаў, гэтых колераў. І для мяне гэты ўспамін узьнікае вельмі часта як магутны, усеахопны знак малой радзімы.

Іван Чарота, Менск

XS
SM
MD
LG