Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я вам зараз раскажу, як я свайго сыночка Санечку ражала. У мяне ён трэці сыночак.

І вось у шэсьць раніцы мне дрэнна стала, а ў мяне яшчэ двое дзетак. Я ўсім есьці прыгатавала, усім разлажыла адзёжкі – каля краватак стульчыкі стаялі – і дачушцы Алёначцы, і Антошку, сыночку, і кажу мужу: “Уставай!”. Дык ён кажа: “Няўжо ўжо пара?”. Кажу: “Пара, бацька, я еду купляць ня знаю што – сына ці дачку”. Бацька кажа: “Сына”. Кажу: “Добра, будзе сын”.

І вось у шэсьць раніцы бацька скорую вызваў. Скорая ехала, а я ўжо чую: мне пара. Дык я яму кажу: “Будзеш роды прымаць”. А ён мне: “Ты што?!” і ў дзьверы. Кажу: “Не-не, не ўцякай, пачакай, хоць бабу мне якую пазаві”.

Пабег ён, а там сусед рамантаваў матацыкал, і стаяла ягоная жонка каля яго. І вось гэтая Галя, прыяцелька мая, самая меншая ростам у Дзяржынску ў нас і худзенькая такая, але добрая баба. Вось ён яе першую і злавіў у шэсьць раніцы і прывёў да мяне. А мне ўжо пара.

Я на яе як абаперлася, так і паляцелі ўдвох – што ж, ён слабую прывёў.
Я тады яму кажу: “Вядзі мне доктара, у першым пад’езьдзе жыве, Шыманская, гінэколяг”. Вось ён і пайшоў. Прывёў доктарку, а доктарка і гаворыць: “А Божа мой, я думала тут ўжо якая бяда. Ваш мужык прыляцеў, заікаецца, ня можа слова вымавіць і гаворыць: “Вой-вой, скарэй-скарэй”. Гляджу, а ў доктаркі халат на адзін гузік зашпілены, гэтак яна ляцела, думала, што, мусіць, і ўсё.

Я кажу: “Доктар, каб мне ў што ўперціся, я б вось радзіла, радзіла”.
Яна як села бокам, дык я нагамі ў яе ўперлася. Як уперлася – дык і ўсё, сыночак выскачыў, радзіла. А яна, гляджу, каля батарэі сьпіну пачухвае, кажа: “Ё-маё, во яна мяне шпурнула!” Ха-ха. Божа, але ў мяне такі сыночак-красавец радзіўся, Санёк.

А тады доктарка кажа: “Ну, на насілкі, вас жа панясем”. А другі паверх. Я кажу: “Доктар, хто мяне цягаць будзе, сама пайду, мне ўжо неяк і нічога”. Яна кажа: “Не, мілая”. Укруціла мяне ў коўдру, каб не прастудзілась, а патом з другога паверха (пад’езды вузкія, нельга мужыку пралезьці), дык мяне доктар, а ззаду муж мой, мяне і вынесьлі.
А мне брыдка неяк. Я з галавой накрылася коўдрай, еду, як мяне нясуць на насілках, і думаю: “Біты нябітага нясе”…

Галіна Чарнавус, Дзяржынск

XS
SM
MD
LG