Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


22 чэрвеня – канешне, вельмі знакамітая дата для ўсёй навейшай гісторыі – можна сказаць, сакральная дата. Хаця, як вядома, другая сусьветная вайна пачалася амаль на 2 гады раней. Але гэта для эўрапейцаў, для сусьвету. Наша вайна пачалася 22 чэрвеня 41 году.

Вестка пра гэтую вайну застала мяне далёка ад дому – на ўкраінскай Чарнігаўшчыне. І, вядома ж, першай думкай было: трэба дамоў. Але дамоў не пусьцілі: моладзь змабілізавалі на абарончыя работы, і я з маімі аднагодкамі два месяцы капаў глыбачэзныя супрацьтанкавыя равы за Гомляй. І дужа гараваў, што не пасьпею са зброяй у руках абараніць Радзіму. Бо, як заўжды, палітворганамі вялася інтэнсыўная прапаганда, якая ўводзіла ў маладыя душы, можа, самую вялікую на той час няпраўду, паводле якой вайна не задоўжыцца. Нямецкі рабочы кляс з клясавай салідарнасьці вось-вось паўстане супраць Гітлера, і паратуе братні рабочы кляс у СССР.

На тое была ўся надзея. Бо вельмі хутка выявілася, што Чырвоная армія ці ня ўся адступае або здалася ў палон і ня можа нікога бараніць. Абараняць СССР давялося нам – каму на той час было па якіх 17 гадоў. Разам з арміяй я адступаў да Харкава, затым да Варонежа, затым быў запасны полк, паскораная Саратаўская пяхотная вучэльня, зь якой зноў вярнуўся на Ўкраіну.

Вайны хапіла на ўсіх аж занадта. А Радзіму-Беларусь давялося пабачыць толькі праз 7 гадоў, і я не пазнаў яе. Усё было пабурана, раскідана, зьнявечана. Хіба што засталася душа пакуль што. Мабыць, тое апошняе ў беларуса.

Васіль Быкаў

XS
SM
MD
LG