Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Майму сыну 45, свая сям’я, свой клопат у нялёгкі час. Сустракаемся рэдка, і вось я здалёк успомніў даўняе.

Работа была пільная, я нават і зашчапіўся ў сваім кабінэце, яшчэ ўсё нязвыклы да гэтага слова, а ён, устаўшы, як і належыцца, значна пазьней – калі і сёстры ў школе, і маці на кухні занятая, і тое, што тату сёньня ня можна перашкаджаць, – ён спачатку патупаў мякка каля маіх дзьвярэй, потым зашморгаў па іх нечым драўляным, а, нарэшце, і нечым пастукаў. Падыходжу, крыху раздражнёна пытаюся:

– Ну што табе?

Адказ – упершыню такі, і ў памяць на заўсёды:

– А я хачу ў цябе жыць.

А яшчэ памятаю, справядліва ляпнуў унучка па мяккім, а ён расплакаўся ад найвялікшай крыўды і прытуліўся да дзеда. У мяне, добрага, шукаючы абароны ад мяне дрэннага. Тыя яго краплістыя сьлёзы не даюць мне спакою гадоў ужо з пятнаццаць, час ад часу вяртаюцца як боль і вобраз.

Янка Брыль

XS
SM
MD
LG