Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Аднойчы ў пачатку 90-х гадоў, падчас самай напружанай працы апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, у маёй кватэры раніцай прагучаў тэлефонны званок. Падняўшы трубку, я пачула:

– Добры дзень, гэта Зянон Пазьняк. Хацеў бы запытацца ў Вас, Сьвятлана Іосіфаўна, як у біёляга, ці існуе такая зьява, як беларускі нацыянальны букет, напрыклад, як у Японіі экібаны?

Вельмі зьдзіўленая, я неяк узгадала своеасаблівыя кампазыцыі сухакветак, якія носяць назву віленскія ці літоўскія пальмы, а ўжо потым, пасьля размовы, усплылі ў памяці тыя веснавыя букеты зь незабудак, якія амаль штогод ставіла мая маці, а раней яе бабуля. Кветкі ўвечары ўкладаліся на пляскатай талерцы з вадой па кругу, прыціскаліся кубкам, у які таксама зьмяшчаліся незабудкі, і да раніцы кветкі ўздымаліся, і атрымлівалася прыгожая блакітная горка.

Пазьней я даведалася ад сваёй старэйшай сяброўкі, батаніка Вольгі Стрэльскай, што і ў іх, у Бешанковіцкім раёне, рабіліся такія ж самыя букеты, але ў цэнтры іх клаўся прыгожы камень. Яшчэ пазьней зьведала, што і ў розных кутках Беларусі ставіліся такія букеты. Магчыма тут і пэўны філасоўскі сэнс укладаўся, але гэта ўжо магла ведаць толькі мая прабабуля Алеся, вясковая зялярка. Думаю, што яна ведала і мову кветак. Маці ставіла букеты ўжо для прыгажосьці.

У Беларусі паважаюць блакітны колер, але мне падаецца, што гэта ня той традыцыйны, пранізьлівы сіні колер васількоў, колькі можа вось пяшчотны блакіт незабудкі альбо льну. Можа ён больш адпавядае нашаму характару.

Дзядзька Зянон, Вы чуеце мяне? Вось Вам некаторыя нататкі для стварэньня беларускага нацыянальнага букета.

Сьвятлана Бельская, Менск

XS
SM
MD
LG