Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У 1936 годзе, гэта калі я скончыла толькі шосты кляс, мяне запрасілі ў радыёстудыю. Тады ўсё ішло адразу ў эфіры, запісу яшчэ не было. Запрасілі мяне і хлопца з нашага клясу па прозьвішчу Язьвінскі (імя я ўжо ня памятаю) чытаць “Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну”.

Ну і вось выйшлі мы да мікрафона і пачалі чытаць.

Табе наша радасьць, любоў і адданасьць,
Табе пяе радасьць сусьветная шыр.
Вядзі нас любімы, табой мы зьяднаны.
Ты – наша жыцьцё, дарагі правадыр.

Ну а далей хлопец уступае:

Ты сонца для нас, што зямлю асьвяціла
І ласкай сагрэла палі, гарады,
Ты рэк паўнаводных імклівая сіла,
Празрыстасьць крыніц, дарагі правадыр.

Ну і далей. Я сваё адчытала і слухаю, як Язьвінскі чытае. І раптам чую, замест “Ты нашых палёў і садоў красаваньне, Ты наша вясна, дарагі правадыр…” ён прачытаў “Ты нашых палёў і задоў красаваньне, Ты наша вясна, дарагі правадыр…”. Ну і бачу я, як пабялелі гэтыя жанчыны, якія нас запрасілі. Гэта была пісьменьніца Эдзі Агняцвет і пісьменьніца Гэлена Раманоўская. Яны абедзьве працавалі ў дзіцячай рэдакцыі і запрасілі нас як добрых вучняў, якія любяць чытаць з трыбуны. Яны зьбялелі, схапіліся за галаву і пачалі нешта шаптацца. Я зразумела, што тут нешта ня тое, ня толькі сьмешнае, а і страшнаватае для гэтых жанчынаў.

Прайшло ўжо шмат гадоў, усялякіх гадоў, і добрых, і кепскіх. І я да гэтага часу памятаю, якое недаўменьне было ў мяне самой, і які страх быў тады на тварах гэтых жанчынаў, што запрасілі нас у радыёстудыю.

Гэтак страшна тады было існаваць, гэтак страшна было кожнаму чалавеку.

Галіна Бельдзюкевіч

XS
SM
MD
LG