Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Напрыканцы 1994 году я быў у Ню-Ёрку, дзе пісаў кніжку разам з ангельскім прафэсарам Морысам Додсанам і потым вяртаўся на Радзіму праз Лёндан і Варшаву. У мяне быў квіток на самалёт да Варшавы, але заставалася дні два. Звычайна я там прыпыняюся ў айца Аляксандра Надсана – і цяпер, як заўсёды, жыў там пару дзён.

Неяк айцец Аляксандар кажа мне, што сёньня, маўляў, прыязджае дэлегацыя Вярхоўнага Савету 12 скліканьня на чале са сьпікэрам Мечыславам Грыбам. У складе гэтай дэлегацыі быў яшчэ Ніл Гілевіч. Сустрэча прайшла вельмі цікава – беларусы прыехалі з усёй Англіі. Для іх гэта быў вялікі гонар – прымаць афіцыйную дэлегацыю. Хутчэй за ўсё, гэта ўпершыню афіцыйная дэлегацыя наладзіла афіцыйную сустрэчу зь беларусамі, якія жывуць у Англіі.

У даволі кароткіх выступах і Грыб, і Гілевіч расказалі пра падзеі на Беларусі. Ім было зададзена вельмі многа пытаньняў – сустрэча праходзіла надзвычай цікава. Потым, як водзіцца, усе пайшлі ў суседні пакой, дзе было і белае, і чырвонае віно.

Я выкарыстаў магчымасьць – паразмаўляў з Грыбам, мы дамовіліся, што сустрэнемся ў Менску. Я займаўся, і займаюся зараз працай са здольнымі дзецьмі і сказаў, што нам трошкі не хапае дзяржаўнай падтрымкі, фінансаваньня. Невялікіх грошай хапіла б, каб узьняць гэта ўсё на значна вышэйшы ўзровень.

Пасьля гэтага я ўбачыў, што стаіць збоку адзін паважаны Ніл Гілевіч. Тады я ўзяў сваё віно, наліў яшчэ адну шклянку, падыйшоў да Ніла Сымонавіча і прапанаваў яму выпіць са мной. Той чамусьці адмовіўся – можа, стаміўся, можа, у яго былі нейкія іншыя пляны… Але тое, што Ніл Сымонавіч адмовіўся, на мяне зрабіла ня вельмі добрае ўражаньне.

На наступны дзень я паляцеў у Варшаву – я ўжо зьбіраўся дадому ў Менск. Заехаў на Варшаву-Цэнтральную, купіў квіток да Менску. Заставалася мне гадзіна-паўтары, я пачаў гуляць па вакзале і раптам пачуў песьню на расейскай мове.

Я падыйшоў, убачыў чалавека маіх гадоў – недзе пад 50 – у якога быў баян, і які вельмі добра сьпяваў. Я падыйшоў да яго і ціхенька спытаў: “А па-беларуску вы можаце сьпяваць?” Ён сказаў: “Магу”, – і даў мне знак, каб я пачакаў, пакуль ён завершыць папярэднюю песьню. Я паклаў яму грошы – у мяне яшчэ заставалася недзе 2 злотых – і быў вельмі цікаўны, якую ж беларускую песьню я зараз пачую?

Песьня скончылася, ён пачаў новую і засьпяваў: “А я лягу-прылягу…” Праз паўхвіліны нейкая крыўда, якая была ў мяне на Ніла Сымонавіча, зьнікла. Чалавеку, які напісаў такую цудоўную песьню, часам можна адмаўляць прафэсару матэматыкі, калі той прапануе зь ім выпіць.

Васіль Бернік

XS
SM
MD
LG