Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хацеў бы распавесьці пра невялікую падзею, якая са мной здарылася ў маладосьці. Навучаўся я тады ў Рыскім палітэхнічным інстытуце. Недзе курс трэці. Еду тралейбусам у цэнтры. А тралейбус той ішоў да кальца, якое вакол помніка Свабоды, – хто бываў у Рызе, той цудоўна ведае гэты помнік. Ён сымбалічны для латыскага народа.

Праз некалькі прыпынкаў заходзяць у тралейбус два падпітых латышы. З выгляду такія асобы зь нізоў, калі не сказаць болей. Сядзяць яны, паміж сабой размаўляюць, але паколькі дрэнна арыентуюцца ў прасторы і часе, адзін падыйшоў да мяне, бо ў тралейбусе няшмат было людзей, і пытае:
– Куды ідзе гэты тралейбус?
– Да Свабоды.
– А ці ведаеш ты, што такое свабода?
Я кажу:
– Канешне ведаю.
– Не, ня ведаеш. – Напірае ён.

Расшпільвае, амаль разрывае сваю кашулю – і на грудзях вялізны гэты помнік Свабоды вытатуіраваны. І тады вось я адчуў, што калі ў народа, нават у такіх людзей зь нізоў, ля сэрца свабода, ён мусіць дасягнуць гэтай свабоды і дасягне.

Тады я для сябе зрабіў выснову, што толькі маючы ў сэрцы свабоду, і мой народ можа дамагчыся яе.

Міхась Баўтовіч, Полацак

XS
SM
MD
LG