Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Для мяне, відаць, для майго жыцьця, самая трагічная падзея, найбольш якая запомнілася, якая ніколі не згладзіцца з маёй памяці, гэта падзямельле фашысцкае ў палоне – шахты Рура. Ёсьць у Руры невялікі горад Марліх, там ёсьць шахта Брасэр. Вось у гэтую шахту я быў кінуты пасьля таго, як быў захоплены ў палон. І ў гэтай шахце ў асноўным мой увесь палон і прайшоў. Амаль што ўвесь, апошнія толькі тры-чатыры месяцы ня там былі.

І што цікава і дзіўна, можа, для некаторых людзей, як я ў падзямельлі застаўся жывы. Мне было, па-першае, 23-24 гады, калі якраз у гэтай шахце я быў, і, як ні дзіўна, мяне выратаваў нямецкі шахцёр. Праўда сытуацыя гэта нязвычная зусім. Калі б гэты чалавек быў на вачах у іншых сваіх супляменьнікаў, то ён бы, канешне, не ратаваў мяне. Я так думаю. А паколькі ён быў у шахце выключны спэцыяліст, стары даволі чалавек, у той час ён працаваў як галоўны “крапільшчык”, мацавальшчык у шахце ўсялякіх абвалаў. І таму ён быў адзін і браў, часам, мяне сабе ў памочнікі, і мы заставаліся зь ім удваіх, і ён на працягу ўсяго майго знаходжаньня ў шахце прыносіў мне штодзённа бутэрброд. Штодзённа, хлеб з салам. Ён ведаў, што нашыя людзі вельмі сала любяць. Сабе рабіў, часам, з маслам, а мне – толькі з салам.

І вось так адбылося маё ўратаваньне дзякуючы гэтаму чалавеку. Таму што з гэтай шахты кожны месяц бралі на паверхню 40-50 чалавек хворых на сухоты і вывозілі ў лагер сьмерці, які быў на галяндзкай граніцы. Толькі ён мяне выратаваў.

Я думаю, што ён усё такі быў чалавечны, па-першае, і яму было шкада мяне, відаць, па ўзросьце. Хлапчанё такое – я быў вельмі танклявы, хударлявы. Пасьля ўжо, калі пазнаёміліся больш гаворкамі – а ўсё-ткі я мог хоць нешта распавядаць яму і, прызнаюся, распавядаў яму рукамі і нагамі, ад чаго ён рагатаў страшэнна. Таму што я хоць і вывучаў нямецкую мову, будаваць фразу не магу. Гэта была вельмі сьмешная гаворка.

Але я яму адкрыўся, хто я. Ён ведаў, што я студэнт старэйшых курсаў, што паводле адукацыі я павінен быць вот-вот настаўнікам, і, відаць, у гэтым сэнсе ў яго было спачуваньне. І яшчэ, мабыць, і другое. У яго была дачка майго ўзросту. І ён пару разоў нават мне гаварыў такія рэчы: “Знаеш што, Нікалаўс, вот кончыцца гэта ўсё, застанесься тут у Нямеччыне…” Я думаю, што і гэта было…

Але ўсё такі гэта – чыста чалавечыя якасьці. Я ўпэўнены, што каб там побач хадзілі немцы, ён бы гэтага не зрабіў.

Мікола Аўрамчык

XS
SM
MD
LG