Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Так сталася ў маім жыцьці, што мае дзяды калісьці паехалі шукаць іншую долю на Ўкраіну. І там засталіся мае цёткі, якія выйшлі замуж за ўкраінцаў, і мае стрыечныя сёстры – украінкі, яны заўжды прыяжджалі да нас у Беларусь, любілі прыяжджаць, яны адчувалі, што яны ўсё ж бліжэй да Беларусі, але я лічыў, што і я павінен зьезьдзіць хоць адзін раз да іх.

І некалькі гадоў таму, можа гэта было ў 92-93 годзе, я паехаў на Ўкраіну. Прыехаў ў вёсачку – гэта Палтаўшчына, цэнтар краіны, гэта тыя гогалеўскія месцы. Калі я чытаю тыя творы, я перажываю, што тады адчуў. Я прыехаў у невялічкую вёсачку, пастукаў у самы першы дом, каб спытаць, дзе ж жывуць мае сёстры, і мне адчыніла хворая на нагу (бо яна кульгала) старэнькая жанчына.

Я сказаў: “Добры дзень у хату”, назваў прозьвішча і спытаўся, як мне знайсьці іх дом. Яна доўга на мяне глядзела, вісела доўгая паўза, а пасьля яна спытала: “А вы не з Беларусі?”. “З Беларусі,” – зьдзівіўся я адкуль яна ведае. Яшчэ пасьля паўзы яна выдыхнула: “А вы ня сын Антона?” Кажу: “Так”. Яна хуценька сказала мне дзе мае жывуць, вывела на вуліцу і паказала кіёчкам, куды мне ісьці.

Я прыйшоў да сясьцёр, забыўся на гэтую жанчыну, бо была вельмі радасная сустрэча, абдымкі, мы пачалі размаўляць. А ўвечары сталі зьбірацца людзі. І калі ўсе сабраліся, прыйшла і гэтая бабуля. Яна села ў куточак, і ўсю размову, колькі мы там не размаўлялі, яна не сказала ні слова. Яна ўсё так пільна на мяне глядзела, возьме насоўкаю выцера вочы, і я, бачучы гэты погляд, каб не заўважыла яна, пытаўся ў сястры:

– Вольга, скажы, што гэта за жанчына, чаму яна так глядзіць?

Яна кажа:

– Дык гэта ведаеш, калі твой бацька быў малады, калі ён прыяжджаў да нас – гэта было гадоў 40 назад – яна кахала яго, гэтая жанчына.

І тады я паглядзеў на яе ўжо іншымі вачыма. Я бачыў, што па яе твары прабягае нейкі цень, потым яе празрыстыя вочы наліваліся сьлязьмі, і мяне скаланула: тады я зразумеў, што яна ўва мне бачыць майго бацьку, таго маладога. Яна як бы вярнулася ў сваю маладосьць…

І ўжо я ня памятаю, што ў мяне пыталі мае родныя, пра што мы размаўлялі. Я таксама глядзеў на яе. На тую пару мой бацька ўжо памёр, і я зразумеў, што ягонае жыцьцё як бы працягваецца. Я даю гэтай жанчыне ўбачыць сваю маладосьць, убачыць майго маладога бацьку.

Прайшло некалькі гадоў, і я зноў прыехаў. Тая жанчына, на вялікі жаль, памерла. Прайшло столькі гадоў, а я яе памятаю.

У гэтым сэнсе чалавечае жыцьцё працягваецца і пасьля сьмерці, а па-другое, мы самі не разумеем, наколькі маем сувязь зь іншымі. Я жыў і ня ведаў пра яе, а вось нейкімі ніткамі я быў зьвязаны зь ёй.

Можа быць, яна перажыла за той вечар усё сваё жыцьцё.

Сяргей Антончык

XS
SM
MD
LG