Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я ўспамінаю глыбокую восень 44-га году, дарогу з Вялейкі ў Іжу. Мама мая, Ксеня Грышкевіч, сядзела за нацыяналізм у турме, а мною апекаваліся яе сёстры, Настуля і Ніна. Я вучылася ў Вялейцы ў сёмай клясе, а вакацыі праводзіла то ў адной, то ў другой цёткі.

На кастрычніцкія сьвяты да мяне на сваім кані прыехала Ніна. Восеньскі дзень кароткі, і каля маёнтку Любань нас засьпела ноч. Павярнулі нацянькі, на лясную дарогу. Ляскочуць колы па карэньнях, месяц ледзь сьвеціць праз галіны дрэў – страшна, вусьцішна. Даехалі да броду праз раку Вузьлянку, і конь стаў як укапаны – ваду зацягнула ільдом. Ні просьбы, ні грозьбы не дапамагалі. Тады цётачка скінула з сябе кажух ды боты ды пайшла ў раку. Ступіць крок, наляжа на лёд, паламае, разгорне рукамі – і так да даругога берагу. А я сяджу на возе, моцна трымаю лейцы ды плачу.

Перавяла яна каня з калёсамі праз брод, укулілася ў воз, нацягнула кажух, боты… Як мы даімчалі да іжанскіх хутароў – ня памятаю. Калі цётку Ніну распранулі, ўсё яе цела было ў сіняках і шнарах. Доўга яна хварэла, ды ўсё роўна мусіла сама гадаваць дачку, даглядаць гаспадарку, бо дзядзька Аляксей з верасьня 39-га году быў у нямецкім палоне.

І вось праз дзясяткі гадоў, успамінаючы гэты выпадак, я задумалася: што ж гэта было – гераізм ці проста жыцьцё беларускай жанчыны?

Рагнеда Аляхновіч, Менск

XS
SM
MD
LG