Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верш на cвабоду


Дзе ён жыве, той правадыр,
Што дасьць нам мір і сыр?
З народнага.

Дождж усю ноч ішоў. Як раніца з-за хмар
Праглянула, сумуючы па нечым,
Ізноў апанаваў мяне кашмар
І пеклам здаўся сьвет мне чалавечы.

I, злосна лямантуючы, вы ўсе
Сабраліся, каб больш балюча ўдарыць.
Пачаўся дзень. І быў ён у расе
Ад сьлёз маіх, пралітых між пачвараў.

Здавалася б, прачнуцца, акрыяць,
Пачаць сьпяваць і радавацца, марыць,
Але, відаць, пакінуў паміраць
Мяне Бог "тэт-а-тэт" з маім кашмарам.

А я крычу, а я прашу, малю:
“Пусьці мяне, Ісусе, на свабоду!”
Аднак, чамусьці? тое, што люблю,
Нямілае, на жаль, майму народу.

О, колькі часу біцца шчэ са злом,
Ня ведаю. Ды толькі нечакана
Убачыш: ну нашто ісьці на злом?
І паміраць яшчэ хіба зарана.

Ператварыцца ў яшчарку? Паўзьці,
Каб не заўважыў аніхто? Шарэю,
Нікога не прашу ўжо: “Адпусьці”, —
Бо ўсьведамляю: я жыву ў Карэі.

Ён побач з намі, правадыр,
Яго мы выбіралі.
Падасьць нам мір, падасьць нам сыр,
Якіх даўно чакалі.

Баюся я, што толькі жвір
Ён дасьць, той правадыр...

Сьвятлана Явар

XS
SM
MD
LG